„Канцэрт жыцця” прэзентуюць на „Усходзе Культуры”
„Канцэрт жыцця” – гэта назва фільму пра адну з найбольш папулярных перадачаў на Радыё Рацыя – „Падляшскі канцэрт пажаданняў”. Прэм’ера фільму ўжо ў бліжэйшую пятніцу – 30 жніўня а 19-й гадзіне ў цэнтры імя Людвіка Замэнгофа ў Беластоку.
„Праца над фільмам працягвалася больш за 5 гадоў, – кажа рэжысёр фільма Мікола Ваўранюк. – А героі стужкі – слухачы канцэрту”.
– Я гэтых сцэнаў не прыдумваў. Маем старэйшае сужонства Бекішаў. На жаль, ужо Анатоль Бекіш не жыве. Ён з жонкай Аляксандрай вельмі нас цёпла прынялі і дазволілі ўвайсці ў свой інтымны свет, у сваю спальню. Бо яны звычайна лягалі, як жылі разам, і слухалі Радыё Рацыя, каментавалі песні. Запісваў я людзей у розных месцах, запісваў за працай, хтосьці араў поле, ці баранаваў на трактары, і музыка грала.
Прадзюсарам фільму стала Аб’яднанне АБ-БА, якое пісала праекты ў розныя ўстановы, каб знайсці фінансавыя сродкі на фільм. „Канцэрт жыцця” – гэта адзін з фільмаў, які адмыслова падрыхтаваны для фестывалю „Усход Культуры”. Наведванне прэм’еры свабоднае.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя