Капліца ў Патоцы амаль завершана
Завяршаецца пабудова капліцы ў гонар Праведнай Анны ў вёсцы Патока на Беласточчыне. Ініцыятыва паўстала амаль два гады таму, каб ушанаваць месца, дзе падчас вайны была зруйнаваная царква, а таксама, каб нагадаць пра падзеі ў вёсцы з траўня 1945 года. Тады, паводле загаду камандзіра польскага ўзброенага падполля Зыгмунта Шэндзеляжа “Лупашкі”, вёска была спаленая. Гаворыць настаяцель прыхода ў Тапалянах айцец Аляксандр Аляксеюк:
– Яна яшчэ не завершана, але я думаю, што тут ужо можна служыць паніхіду. Адчуваецца тут пах навізны, дрэва. Капліца ёсць, але не ўсе людзі могуць ведаць, што з гэтым звязана.
– Ушанаваць гэтае месца, дзе калісьці была царква, а вёска была спаленая. Восем нявінных жыхароў загінула, сярод іх трое – гэта дзеці. Хочам ушанаваць ахвяр таго злачынства.
Гаварыў фундатар капліцы, прадпрымальнік Анджэй Шум. Плануецца, што 22 траўня ў 74-ую гадавіну трагедыі вёскі ў недакончанай яшчэ царкоўцы ўпершыню адслужаць паніхіду. Асвячэнне запланавана на першую палову жніўня.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі