Карагоды на святога Юр’я прайшлі па Арлянскай гміне



Чатыры вёскі Арлянскай гміны наведалі падляшска-палескія сустрэчы з традыцыяй «Там по маёвуй росі». Калектывы з Беларусі: «Грамніцы» з Менску і «Дзятлавіцкі Падлесак» з Дзятлавічаў, ды падляшскія «Жэмэрва» і «Жэўжыкі» карагод пачалі з абыходу жыта ў Пашкоўшчыне. Тут сустрэліся таксама з мясцовым народным паэтам Уладзімірам Сасной. Мерапрыемства завяршылі патанцоўкай на мосце ў вёсцы Кошкі.

Кажа галоўны арганізатар фестывалю дырэктар Музея малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах Дарафей Фіёнік:

У 50-я можа яшчэ ў 60-я гады масток паміж Кошкамі і Грыдэлямі быў месцам сустрэч для моладзі з двух вёсак. І цяпер гэты масток ажыў і стаў сімвалам сустрэч людзей з 2 краін: з Беларусі і з Польшчы. Трэці раз мы вярнуліся на масток у час сустрэч «Там по маёвой росі».

Музей малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах ужо запрашае на чарговае мерапрыемства – з 19 па 26 траўня ў Бельску-Падляшскім пройдзе «Пралог – 4 Дні славянскай пісьменнасці».

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя