Караліна Цейка: Каб распавесці пра моц духа, які перамагае
Майстэрня Tempora з Белгіі перамагла ў конкурсе на абнаўленне інтэр’еру Музея памяці Сібіры ў Беластоку. У музеі знойдуцца залы, прысвечаныя перасяленню ў Сібір, штодзённаму жыццю „сібіракаў” і шчасліваму вяртанню на радзіму, – кажа прадстаўнік пераможцы, майстэрні Tempora, Караліна Цейка.
– Мы не хацелі, каб нашая канцэпцыя была задужа эмацыйнай, каб патрапяла ў трагізм, плач, тэрор. Не гэта самае галоўнае. Мы робім музей памяці. Каб усе памяталі пра тое, што людзі перажылі, вярнуліся, расказалі, мы імкнуліся распавесці пра моц духа, які выйграў.
Музей памяці Сібіры – гэта ўстанова, якая будзе дакументаваць гісторыі cсылак, а таксама добраахвотнага пасялення палякаў ды іншых нацыяў на землях Расейскай імперыі і Савецкага Саюза. Планаванае адкрыццё музея – канец 2016 года.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя