Каранцін пры ўездзе ў Польшчу павялічваюць да 14-ці дзён



Польшча ўводзіць новыя абмежаванні ў сувязі з распаўсюдам каронавіруса і з увагі на яго новы штам “амікрон”. Змены, між іншым, датычаць забароны палётаў у сем афрыканскіх краін, у тым ліку Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, Батсвану, Мазамбік і Намібію. Асобы, якія вяртаюцца з гэтых краін, падлягаюць абавязковаму каранціну. Таксама змены датычаць асоб, якія агулам вяртаюцца з краін, што не ўваходзяць у шэнген-зону, а значыць і з Беларусі.

Кажа міністр здароўя Адам Нядзельскі:

– Мы прынялі рашэнне падоўжыць каранцін да 14 дзён. Нагадаю, да гэтага каранцін на стандартных умовах доўжыўся 10 дзён. І выхад з гэтага каранціну можа адбыцца з 8-га дня пасля правядзення тэста.

Але важна тое, што асобы, якія цалкам прышчэпленыя вакцынамі, дапушчанымі ў Еўразвязе, не падлягаюць каранціну. Іншая частка абмежаванняў, якія ўводзяцца ў Польшчы з 1 па 17 снежня, датычыць ліміту асоб, якім будзе дазволена знаходзіцца ў грамадскіх месцах і на масавых імпрэзах.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: PAP / Piotr Nowak