Катажына Штоп-Руткоўская пра мову нянавісці і яе небяспеку
Падзелы ў грамадстве – нарастаюць, а мова нянавісці сустракаецца ў палітыцы, грамадстве і медыях. У Польшчы пасля забойства прэзідэнта Гданьска Паўла Адамовіча актывізаваліся размовы пра мову нянавісці ды яе небяспеку.
Як адзначыла ў нашым эфіры сацыёлаг, старшыня арганізацыі Soclab Катажына Штоп-Руткоўская, важна роля ў змаганні з гэтай з’явай належыць адукацыі:
– Хоць, канешне, гэта вельмі цяжка, бо размова пра адукацыю – гэта размава таксама і пра тое, што вынікі будуць бачныя толькі праз некалькі гадоў. І ў палітыцы гэта не вельмі папулярна. Але праўда такая, што так званыя прэвентыўныя дзеянні вельмі істотныя. Папросту вучым вырашаць канфлікты, вучым размаўляць, вучым таму, што адрозненні – гэта нармальная рэч у кожным грамадстве, а не праблема. Гэта пэўны элемент, частка нармальнага, натуральнага жыцця.
Як дадае сацыёлаг, цяжка вызначыць мяжу паміж свабодай слова і мовай нянавісці, і спрэчкі наконт гэтай мяжы ў Польшчы будуць толькі нарастаць. А ці можна Беласток назваць талерантным горадам? Вось адказ Катажыны Штоп-Руткоўскай:
– У Беластоку, як і ва ўсім Падляшскім ваяводстве, мы прызвычаіліся да таго, што разнароднасць з’яўляецца натуральнай. Маем цэрквы, маем асобаў іншага этнічнага паходжання, якія размаўляюць на іншай мове. Спадзяемся, што маем такі ахоўны парасон. Але дыферэнцыяцыя ў польскім грамадстве, і ў Беластоку ў тым ліку, будзе павялічвацца. І мы мусім вучыцца жыць у грамадстве, у якім ёсць розныя людзі, рознага паходжання, з рознай арыентацыяй.
У панядзелак, 21 студзеня, Сеймік Падляшскага ваяводства прыняў заяву, у якой асудзіў выпадкі насілля, агрэсіі і выкарыстання мовы нянавісці. У заяве звяртаецца ўвага на тое, што адметнасцю рэгіёну з’яўляецца яго разнароднасць: культурная, этнічная, моўная і рэлігійная.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток