Кацярына Бяляўская: У такой краіне, як Беларусь, не мусіць быць гвалту
Галерэя імя рэжысёркі Тамары Саланевіч у падляшскай Нараўцы стаіць ля Белавежскай пушчы і паблізу ад дзяржаўнай мяжы Польшчы з Беларуссю. Мясціны тут аддадзеныя з большага прыродзе, дый і вялікага дарожнага руху не назіраецца.
Тым не менш, сённяшняя «Госця Рацыі» Кацярына Бяляўская, кіраўніца названай галерэі, упэўнена: калі нават завітаюць у Нараўку госці з Нью-Ёрку, яны мусяць адчуць тут адкрытасць да сябе і без перашкодаў пазнаёміцца з мясцовай культурай. Гутарым з Кацярынай Бяляўскай пра тое, ці здолее Нараўка захаваць сваю спадчыну і як мясцовыя жыхары глядзяць на свет.
РР: Вось мы бачым на фотаздымках Нараўку старую, людзей стрых, вуліцы, дамы. Наколькі зараз змянілася Нараўка і наколькі мы, калі прыязджаем сюды, можам пабачыць сапраўдную Нараўку?
Кацярына Бяляўская: Калі гаварыць пра драўляную архітэктуру Нараўкі, то тут Нараўка мае скарб. Таму што падчас ІІ Сусветнай вайны Нараўка не была знішчана. І гэтыя ўсе драўляныя хаты засталіся. Як мы бачым, у новых дамах характар іншы. Людзі хочуць сучаснага. І часта на драўляную хату кладуць апалубку мураваную. Але мы не маем на гэта ўплыву. Але я думаю, што моваю мастацтва, праз фотаздымкі, малюнкі мы можам паказваць гэтыя хаты, якімі цэлы свет захапляецца. Да нас прыязджаюць з Еўропы, турысты з усёй Польшчы, і кажуць – не змяняйцеся, будзьце такімі, якімі вы ёсць! Вы маеце цудоўную культуру, каштоўную архітэктуру. У нас, магчыма, менш аканіц, архітэктурных аздобаў, але мы больш расказваем пра “Краіну адкрытых аканіц”. Мы ўсё маем, але трэба ўсё дакладна аналізаваць і фатаграфаваць. І мы маем аканіцы, салярныя матывы над ганкамі. Вельмі цікавыя, пра якія я часта расказваю, бо цяпер ёсць бум на славянства. Я шмат расказваю пра салярныя матывы і іншыя геаметрычныя ўзоры, якія ёсць у нашай архітэктуры. Але іх нашмат больш на нашых вышыванках, якія прадстаўленыя ў нашай галерэі. І думаю, што з часам усё будзе мяняцца і людзі ўбачаць, як гэта прыцягвае турыстаў, людзей. А з дрэва будавалі хаты нашыя дзяды, прадзеды. І мы таксама мусім. Вядома, людзі хочуць жыць у цяпле, камфорце, але зараз гэта ўсё можна спалучыць і захаваць гэту архітэктуру.
РР: Што кажуць жыхары Нараўкі пра тое, што зараз адбываецца ў Беларусі? І як яны ўвогуле ставяцца да Беларусі?
Кацярына Бяляўская: Нам вельмі цяжка ад таго, што простыя, звычайныя людзі так моцна церпяць! Мы ў Польшчы таксама зведалі цяжкія часы. І калі мы бачым, як ставяцца да людзей, нам вельмі хочацца плакаць. Так не можа быць! Беларускі народ – гэта добры народ. Гэта добрыя людзі. Як Тадэвуш Канвіцкі калісьці напісаў: “Беларусь, ты мая Беларусь! Ты не павінна называцца Беларусь. Ты ёсць зямля добрых людзей. Ты мусіш называцца Добрарусь”. Не можа так быць, што народ на свой народ нападае. Не можа так быць. Мы жадаем вам усім шчасця, здароўя, каб Беларусь паднялася. Каб мела добрыя магчымасці ў сваім развіцці эканамічным, гаспадарчым, культурным. І каб быў спакой, было здароўе. І ніколі-ніколі не бало гвалту! Не можа так быць! Беларусь – гэта добрыя людзі, добрая зямля.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Гутарыла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя