Кацярына Кучук: Мэта нашых акцый у дэманстрацыі пазіцыі беларусаў



Каталікі адзначаюць Вялікдзень. „Беларусы Варшавы” таксама далучаюцца да святкавання.

Што для іх цяпер азначае гэты час, а таксама як прайшла традыцыйная нядзельная акцыя, гэтым разам прымеркаваная да Вялікадня, нашаму карэспандэнту распавяла „Госця Рацыі”, актывістка суполкі „Беларусы Варшавы” Кацярына Кучук.

РР: Наколькі значнае свята Вялікдзень для беларусаў замежжа?

Я лічу, што ацаніць наколькі цяжка. Беларусы Варшавы вельмі розныя па сваіх паглядах. Ёсць увогуле атэісты, якія не вераць у Бога, для іх гэта ўвогуле не свята. Ёсць каталікі, для якіх гэта свята, але цяпер яны не зусім так святкуюць, як гэта было на Радзіме. Іх погляды вельмі трансфармуюцца, улічваючы ўсе гэтыя падзеі, якія былі ў Беларусі, якія адбываюцца ў Беларусі, са святарамі, з Каталіцкай царквой у тым ліку. Ёсць праваслаўныя вернікі, якія святкуюць сёлета Вербную нядзелю.

РР: Ці абмяркоўвалі вы, што рабіць у нядзелю. Праводзіць акцыю ці не?

Рашэнне было ўсё ж такі рабіць, ніхто моцна не спрачаўся. Чаму? Таму, што мэта нашых акцый зараз у тым ліку дэманстрацыя польскаму грамадству і турыстам, пазіцыі беларусаў. Таму гэта свята павінна быць адлюстравана ў акцыі, бо будзе шмат людзей у гэты дзень, калі рабіць, калі не зараз. Таму мы ўсе згадзіліся на тое, што яна будзе. Людзей прыйшло дастаткова шмат. Я. напрыклад, не вельмі чакала, улічваючы вакацыі, людзей прыйшло вельмі шмат. На вуліцах было шмат палякаў. У нас быў адзін момант, як праводзіць гэтую акцыю. Чыста святочную ці прысвячаць палітычным тэмам, ці нешта яшчэ. У прынцыпе мы згадзіліся на тое, што гэта будзе не чыста святочная акцыя, а ўсё ж такі будзем закранаць актуальныя тэмы, якія ёсць. У тым ліку мы вырашылі паўдзельнічаць у флэшмобе супраць ядзернай зброі. Зараз гэты флэшмоб ідзе па ўсім свеце, па ўсіх беларускіх дыяспарах, каб сказаць „не” ядзернай зброі. У беларусаў ніхто не запытваўся ці хочуць яны гэтага.

РР: Ці можна далучыцца да гэтай акцыі, каб выказаць сваё „не” ядзернай зброі?

– Наколькі я ведаю так, гэта акцыя будзе да 16-га красавіка яшчэ працягвацца. Можна зрабіць відэа. Збіраюць матэрыялы ад розных беларусаў, там ёсць пэўныя ўмовы, ёсць плакат, які трэба раздрукаваць. Сутнасць у тым, што кожны кажа, што ён супраць і перадае гэты плакат другому. Гэта будзе зроблена, як ланцужок па ўсяму свету, што беларусы ўсяго свету супраць. Таму далучыцца можна яшчэ.

Нагадаем, з Кацярынай Кучук размаўляла наш карэспандэнт Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя