Казлоўска-Раевіч узначаліла рабочую групу па справах Беларусі (абноўлена)
Першае пасяджэнне новай рабочай групы ў справах Беларусі ў парламенцкай асамблеі Еўранэст пройдзе ў пачатку наступнага года, паведаміла новапрызначаная старшыня гэтай групы, еўрадэпутат Агнешка Казлоўская-Раевіч. У сваім уступным слове пасля прызначэння яна адзначыла, што палітыка цвёрдай ізаляцыі ў дачыненні да Беларусі – вычарпана, і што трэба шукаць новыя формы далейшага дыялогу:
– Я б прапанавала, каб спатканне адбылося ў студзені. Яно будзе вельмі важным, бо будзе тычыцца змены поглядаў, ідэй, правядзення новага вектара будучай працы, гэта будзе істотнае спатканне, і маю надзею, што яно зможа адбыцца ў студзені.
Агнешка Казлоўская-Раевіч хоча запрасіць да супрацоўніцтва больш прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, тых, якія, падкрэсліла еўрадэпутат, не ўдзельнічаюць непасрэдна ў палітычным жыцці краіны. Раней старшынём рабочай групы ў справах Беларусі быў таксама еўрадэпутат з польшчы Яцэк Сарыюш-Вольскі.
* * *
Агнешка Казлоўска-Раевіч узначаліла рабочую групу па справах Беларусі ў Парламенцкай асамблеі Еўранэст.
У сваім выступленні пасля прызначэння еўрадэпутат адзначыла, што будзе імкнуцца працягваць супрацоўніцтва з краінамі на ўсход ад Еўразвяза. Еўропа павінна выпрацаваць новыя стратэгіі супрацоўніцтва ў гэтым рэгіёне, паколькі там адбываюцца вельмі дынамічныя змены, адзначыла яна. Еўрадэпутат таксама сказала, што стратэгія поўнай ізаляцыі ў дачыненні да Беларусі не прынесла вынікаў, што яна вычарпана.
Агнешка Казлоўска-Раевіч будзе імкнуцца пашыраць кантакты з грамадзянскай супольнасцю Беларусі:
– Беларусь не выконвае стандарты, якія датычаць правоў чалавека і дэмакратыі, таму яна не на такіх самых правах у Еўранэсце, як іншыя групы. Гэты кантакт і дыялог з грамадскай супольнасцю павінен быць пашыраны. Санкцыі павінны падтрымлівацца там, дзе яны патрэбныя, але санкцыі – гэта адна рэч, а другая рэч – гэта камунікацыя, мы павінны камунікаваць, бо інакш не зможам перадаць свае ідэі і свае каштоўнасці.
У Парламенцкай асамблеі Еўранэст, у межах якой працуе рабочая група па справах Беларусі, цяпер 110 дэпутатаў: 60 – гэта еўрадэпутаты і па 10 прадстаўнікоў парламентаў з краінаў Усходняга партнёрства апрача Беларусі, паколькі парламенцкія выбары не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю.
У рабочай групе па справах Беларусі месца дэпутатаў занялі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя