ХХ Беластоцкія Дні Людвіга Заменгофа



На Падляшшы завяршыліся ХХ Беластоцкія Дні Людвіга Заменгофа. На працягу трох дзён у родным горадзе стваральніка мовы эсперанта адбываліся сустрэчы, гучалі даклады і канцэрты.

Сёлета мінае 160 гадоў з дня нараджэння Людвіга Заменгофа і сотая гадавіна ўзнікнення ў Беластоку вуліцы яго імя. Святкаванні завяршыў канцэрт і прамоцыя кніжкі Мордэхая Гебіртіга, кажа старшыня Беластоцкага таварыства эсперантыстаў Пжэмыслаў Вяжбоўскі.

– Нам удалося выдаць збор 50 твораў Мордэхая Гебіртіга, кракаўскага барда, які пісаў на ідыш, ахвяры Халакоста, у перакладзе Мішы Брунштайна на мову эсперанта. У гэтай кнізе арыгіналы на ідыш, песні на ідыш, пераклады гэтых песень на мову эсперанта, а таксама ёсць ноты. Выданне кнігі спрыяла арганізацыі канцэрта.

Творца эсперанта нарадзіўся ў Беластоку 15 снежня 1859 года. Эсперанта, на думку Заменгофа, павінна было стаць не проста сродкам зносін, але і спосабам распаўсюджвання ідэй — мірнага суіснавання народаў і культур.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя