ХХ Трыялог у Крынках (абноўлена)



У якой рэчаіснасці існуюць беларуская літаратура і культура?

Адказу на гэтае пытанне шукалі ўдзельнікі ХХ Трыялогу ў Крынках на тэму “Сёння. Dzisiaj. Today”. Сярод панэлістаў – польскі дыпламат Марыюш Машкевіч, падляшскі пісьменнік Міхась Андрасюк, беларускі філосаф і пісьменнік Ігар Бабкоў, беларускі мастак Артур Клінаў ды іншыя асобы.

Беларускі Трыялог 20 гадоў таму запачаткаваў Сакрат Яновіч, а дапамагаў яму ў арганізацыі галоўны рэдактар “Часопіса” – Юры Хмялеўскі:

– Чаму гэтыя Трыялогі ўзніклі? Чаму Сакрат прыдумаў арганізаваць такія сустрэчы? Імпульсам была найперш сітуацыя ў самой Беларусі. Сакрат Яновіч моцна перажываў, што ў Беларусі, якая ўрэшце стала незалежнай краінай, незалежнай дзяржавай, не ёсць такая, якой быць павінна – не ёсць беларускай. Яго вельмі хвалявала тое, што ўлады, асабліва пасля 1994 году, калі да ўлады прыйшоў Аляксандр Рыгоравіч, абыякава адносіліся да літаратуры, да беларускай культуры.  

Трыялог на працягу 20-ці гадоў значна змяніўся. Сёння гэта не камеральная сустрэча, а адкрытая дыскусійная пляцоўка, акрамя таго заўсёды прысутнічае мастацкая і музычная часткі. Так, сёлетні Трыялог завяршыўся выступамі Лявона Вольскага і падляшскага гурта “Прымакі”. Галоўным арганізатарам з’яўляецца фонд Villa Sokrates.

“Трэба адыходзіць ад выбару  паміж Усходам і Захадам, калі гаворым пра Беларусь.

На змену прыходзіць новае мысленне”, – кажа польскі дыпламат Марыюш Машкевіч, удзельнік сёлетняга Трыялогу ў Крынках. На яго думку, цяпер варта думаць пра супрацу дзяржаў у розных галінах, бо эпоха падзелаў, прынятых яшчэ ў камуністычныя часы, зыходзіць у нябыт. “Варта глядзець у іншую перспектыву”, – дадае дыпламат:

– Зараз правінцыяльнай краіны не існуе. Мы ўсе знаходзімся і ў цэнтры, і ў правінцыі. Гэта залежыць ад стану нашага мыслення. Вельмі шмат мяняецца, і мне здаецца, што такія бальшавіцкія падыходы як Пуцін і ягоная каманда, гэта проста адыходзіць ужо. Гэтая эпоха ўжо памірае. Гэтыя людзі з такім станам мыслення будуць зараз сыходзіць, і мы мусім быць падрыхтаваныя да гэтага.

Мадэратар дыскусій у межах Трыялогу, беларускі музыка Лявон Вольскі, каментуючы рэчаіснасць, у якой існуе сённяшняя беларуская культура, называе яе парадаксальнай:

Мы маем некалькі слаёў беларусаў, яны ўсе займаюцца розным, хтосьці працуе на карысць чагосьці і гэтыя розныя карысці для розных людзей. Таму так акрэсліць вельмі хутка немагчыма. Вельмі эксклюзіўная сітуацыя. Эксклюзіўна ўсё складвалася падчас СССР. І апошнія 25 гадоў таксама. Не бачу узораў іншых краін, таму што для нейкага чыноўніка з Міністэрства культуры абсалютна іншае бачанне Беларусі чым у мяне, напрыклад.

Сёлетні, 20-ты па ліку, Трыялог праходзіць пад назвай “Сёння. Dzisiaj. Today”. Пасля трох блокаў дыскусій на тэму беларускай рэчаіснасці, літаратуры і культуры, чакаюцца выступы Лявона Вольскага і падляшскага гурта “Прымакі”. Пачатак а 18-ай гадзіне ў Каўказскай сінагозе ў Крынках.

* * * 

Выстава выбітнага беларускага мастака Артура Клінава і спектакль незалежнага тэатральнага праекту ГЭТАМЫ па кнізе “Радзіва Прудок” Андрэя Горвата паклалі пачатак Трыялогу ў Крынках.

Гэта XX юбілейнае мерапрыемства. Яго тэма – “Сёння. Dzisiaj. Today” – кажа старшыня Фонду Villa Sokrates – прафесар Лявон Тарасэвіч:

– Розныя людзі гавораць пра Беларусь і бачаць у ёй розныя рэчы. Яны часта не адлюстроўваюць праўды, і ў гэтым годзе мы хочам пагаварыць, якая ёсць сапраўдная рэчаіснасць беларускай культуры. Тады, магчыма, у гэтых сустрэчах паўстануць пытанні, на якія можа і не адкажам цягам гэтых дыскусій.

Артур Клінаў рыхтаваў сваю выставу ў галерэі “Крынкі” на працягу некалькіх дзён. Творца вярнуўся да тэмы саломы, і назваў выставу “Салодкае саламянае жыццё 3”:

– Гэта вялікі серыял – саламянае жыццё. Я ўвёў вельмі шмат варыяцый у розных гарадах, краінах. І гэтым трэцім нумарам як бы распачынаю новы цыкл, новы серыял. Бо ў мяне невялікі перапынак быў у працы з саломай. А тут, дзякуючы запрашэнню Лявона Тарасэвіча і Фонду Villa Sokrates з’явілася магчымасць ізноў вярнуцца да саломы і зрабіць тут вось такі праект.

Галоўны дзень Трыялогу – гэта дыскусіі на тэмы літаратуры, культуры, і беларускай рэчаіснасці, мадэратарам якіх выступіць беларускі музыка Лявон Вольскі. Мерапрыемства пачынаецца аб 11-ай гадзіне ў Каўказскай сінагозе ў Крынках. Нашае Беларускае Радыё Рацыя з’яўляецца медыйным партнёрам.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

* * * 

Крынкі запрашаюць на 20-ы Беларускі Трыялог. Гэта міждысцыплінарнае мерапрыемства высокага роўню, якое спрыяе стварэнню міжнароднага дыскурсу і камунікатыўнага ўзаемадзеяння, арыентаванага на розныя сферы творчасці. Ужо 19 гадоў арганізуе Трыялог Фонд Villa Sokrates. 

Гэтае мерапрыемства запачаткаваў выбітны беларускі і польскі празаік і публіцыст Сакрат Яновіч, збіраючы ў невялікім падляшскім гарадку інтэлектуалаў з розных краін, і дыскутуючы на тэмы літаратуры, мастацтва, культуры, але таксама і палітыкі. 4 верасня яму споўнілася б 83 гады.

Кажа старшыня Фонду Villa Sokrates – прафесар Лявон Тарасэвіч:

–  Сакрат з’явіўся ў 80-я бурлівыя гады ў Польшчы, калі палякі будавалі сваю новую праўду. І мы таксама сталелі. Сакрата я знайшоў, калі мы думалі рабіць першую “Бацькаўшчыну” – студэнцкі рэйд, які стаў нашым малым універсітэтам беластоцкім, бо ўсе людзі, якія прысутнічалі ў “Бацькаўшчыне”, потым сталі дзеячамі, пісьменнікамі, журналістамі, як бы стварылі цэлую эліту, калі нас так можна назваць. І ў гэты момант я таксама сталеў. Так што для мяне Сакрат стаў інтэлектуальным бацькам тут, на Беласточчыне. Бо першым быў Юрка Туронак. Тая інтэлектуальная плынь, якая дайшла да нас праз Туронка і Сакрата, гэта было тое, чаго мы патрабавалі. Яны сталі нашымі маральнымі бацькамі. І гэта добра, бо сёння з’явіліся малодшыя, каму мы можам усё гэта перадаць.

Юбілейны ХХ Беларускі Трыялог пад назвай “Сёння, Dziś, Today” пачнецца 6 верасня ў Галерэі „Крынкі” з адкрыцця выставы беларускага мастака Артура Клінава а 18-ай гадзіне. Пазней у Каўказскай Сінагозе пабачым незалежны тэатральны праект ГЭТАМЫ. У суботу – будзе магчымасць прыняць удзел у інтэлектуальнай дыскусіі людзей культуры з Беларусі, Польшчы і беларускага замежжа, а на канец – паслухаць канцэрты Лявона Вольскага і “Прымакоў”.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gazeta.pl