ХХІІ Форум выдаўцоў у Львове
У Львове распачаўся ХХІІ Форум выдаўцоў. Разам з Кіеўскім кніжным Арсеналам, які традыцыйна праходзіць у траўні, львоўскі Форум лічыцца самай значнай падзеяў ва ўкраінскім выдавецкім свеце.
На Форуме традыцыйна прысутныя і беларусы. З падрабязнасцямі – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:
– Нашу краіну прадстаўляюць выдавецтва “Кнігазбор” з серыямі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, “Кнігарня пісьменніка” і “Каляровы ровар”. Культурніцкая кампанія “Будзьма!” прэзентуе беларускія паштоўкі. Пісьменніца і журналістка Наталля Бабіна распавядзе пра дзейнасць Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў і пазнаёміць з альманахам “Справа”, які выдае гэтае таварыства. Акрамя таго, на Форум прыехалі паэты Антон Рудак з Менска і Сяргей Прылуцкі, які стала жыве ў Кіеве.
Паказальна, што сярод беларускіх гасцей Львова няма аніводнага літаратара з “праўладнага” Саюза пісьменнікаў Беларусі. Не прадстаўленыя на Форуме і дзяржаўныя выдавецтвы Рэспублікі Беларусь.
Усяго ў кніжным свяце возьмуць удзел літаратары і выдаўцы з 22 краін. ХХІІ Форум выдаўцоў мае завершыцца 13 верасня.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ufest.in.ua