ХХХV Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі Гайнаўка-2016 (абноўлена)
У Беластоку праходзіць фестываль царкоўнай музыкі „Гайнаўка-2016”.
Мінулагодні пераможца хор Нацыянальнага радыё Украіны адкрыў Фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка-2016”. Апрача гасцей з Украіны ў час канцэрта заспяваў хор Медычнага ўніверсітэта ў Беластоку. Госці з Украіны выступілі з канцэртам “Царкоўная музыка – ад крыніц да сучаснасці”:
Дырэктар фестывалю Мікалай Бушко:
– Невыпадкова ў мінулым годзе міжнароднае журы прызнала яму першае месца і ўзнагароду міністра культуры – гэта найвыдатнейшы хор Украіны.
Артыстка і салістка хору ўкраінскага радыё Таццяна Каробка:
– Гэта надае нам натхнення яшчэ больш старацца, яшчэ больш спяваць і хацець гэта рабіць. Людзям гэта падабаецца, яны нам удзячныя і мы таксама ім за гэта ўдзячныя.
Конкурсныя праслухоўванні Фестывалю царкоўнай музыкі “Гайнаўка-2016” пачынаюцца ў чацвер. Сёлета ў іх прымуць удзел 33 хоры з 16-ці краін свету: Расеі, Сербіі, Літвы, Славакіі, Аўстраліі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і пяць хораў з Беларусі.
[Not a valid template]
* * *
Каб заахвоціць жыхароў і гасцей Беластока да ўдзелу ў мерапрыемстве арганізатары зладзілі флэш-моб на плошчы Касцюшкі, дзе заспяваў пераможца мінулагодняга фестывалю: хор нацыянальнага радыё Украіны, які адкрыў інаўгурацыйны канцэрт у Падляшскай оперы і філармоніі.
[Not a valid template]
Юбілейны трыццаць пяты фестываль пачнецца канцэртам «Царкоўная музыка — ад крыніцаў да сучаснасці» у выкананні мінулагодняга пераможцы.
Конкурсныя слуханні пачынаюцца ў чацвер, 19 траўня. На працягу трох дзён пачуем таксама 5 хораў з Беларусі, распавядае дырэктар і стваральнік фестывалю Мікалай Бушко:
— Усе 5 катэгорыяў абсаджаны беларускімі хорамі: ёсць царкоўна-прыхадскі хор, есць дзіцячы хор, і хор музыкальнай вучэльні, і аматарскі хор: я маю на ўвазе нашага лаўрэата: славуты хор залужанай таксама для Беласточчыны вышэйшай навучальнай установы, Лінгвістычнага ўніверсітэта ў Менску. Таксама хачу сказаць, што пасля дваццацігадовага перарыву да нас прыязджае Дзяржаўны камерны хор Беларусі, які калісьці прыязджаў да нас і пад кіраўніцтвам Мацюхова, а цяпер пад кіраўніцтвам спадарыні Міхайлавай. Гэта таксама легенда, у ім спявала вельмі выдатная кампазітарка, наша лаўрэатка Ірына Дзянісава. Цяпер яна ў манастыры творыць, кампануе вельмі цікавую царкоўную музыку, чаму я кажу: вельмі цікавую? Бо многія хоры яе выконваюць. Мы з ёй у сталым кантакце, на юбілейны канцэрт Кшыштафа Пендэрэцкага яна напісала таксама адмысловую малітву, якую выканалі нашы госці, і якая запісаная на дыску, які тут можна набыць.
РР: Сёлета таксама ёсць нямала канцэртаў, прысвечаных асобам, звязаным з фестывалем.
— Я стараюся памятаць пра ўсіх людзей, нягледзячы на тое, ці яны мае сябры цяпер ці не, я заўсёды памятаю пра тое добрае, што яны зрабілі. Таму мы пры нагодзе фестывалю стараемся памятаць пра вялікіх людзей, якія выводзяцца з нашай зямлі, з якімі мы сябравалі. Я маю на ўвазе святой памяці Тамару Саланевіч. Ну што мы можам зрабіць? Можам напісаць у газеце, а таксама можам арганізаваць канцэрт. І сёлета мы ў супрацы з асяродкам культуры ў Міхалове мы ладзім канцэрт яе памяці, які адбудзецца 20 траўня. У Супраслі адбудзецца канцэрт, пры дапамозе якога мы хочам узгадаць нашага сябра, Віктара Волкава, які не хаваў, што ў яго стараверскія карані. Таму, канцэрт, прысвечаны яму, які адбудзецца таксама 20 траўня пачнуць стараверы, з якімі ён дарэчы сябраваў.
РР: І апошняе пытанне: прыедзе хор, які спявае на мове Ісуса Хрыста.
— Гэта праўда. Яго ўключылі ў рэпертуар па маёй просьбе. Гэта хор, у якім спяваюць праваслаўныя хрысціяне з Індыі, які вядзе наш лаўрэат айцец Георг. 15-16 гадоў таму назад, калі ён прыехаў да нас упершыню з хорам з Індыі, яны заспявалі малітву на стараарамейскай. І адкуль, дзе? Аказалася, што гэтая праваслаўная царква была закладзена святым Фамой, і гэтая музыка не тое, што яны адкрылі недзе ў нотах ці дзе, гэтая малітва і музыка — актуальныя і датрывалі да нашых гадоў: дзве тысячы гадоў перажылі. Я папрасіў, каб яны ўключылі гэта ў рэпертуар. Таксама як я папрасіў, каб нашы госці з Украіны, хор дзяржаўнага радыё Украіны, які адкрывае фестываль, уключыў у праграму малітву з Назарэту, спяваную на арабскай мове палестынскую малітву. Яны выканаюць. А таксама я папрасіў, каб яны ўключылі і заспявалі нешта са славутага Супрасльскага ірмалагіону. І гэта яны таксама выканаюць. Усё гэта можна пачуць у часе фестывалю. Нагадваю: 35-ты, юбілейны, фестываль: 35 хораў з 16 краінаў свету з 17 па 22 траўня, на які я сардэчна ад імя сваіх супрацоўнікаў і суарганізатараў запрашаю.
Пачатак інаўгурацыйнага канцэрта ў 19 гадзін у памяшканні філармоніі: вул. Падлесная, 2.
На хвалях Радыё Рацыя наўпроставая трансляцыя адкрыцця Фестывалю пачнецца ў 19:00 паводле польскага часу (20:00 паводле беларускага часу).
Трансляцыю заключнага гала-канцэрта слухайце 22 траўня ў 17:05 (паводле беларускага часу), пасля выпуску навінаў.
З дырэктарам і стваральнікам фестывалю царкоўнай музыкі «Гайнаўка» Мікалаем Бушко гутарыў Лукаш Леанюк.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара