Хто балатуецца ў Сейм Польшчы з Беласточчыны?
№33 у спісе „Грамадзянскай кааліцыі” у Варшаве атрымаў кандыдат у Сейм, ураджэнец Беластока Аляксандр Васілюк. Ён з’яўляецца стваральнікам парталу cerkiew.pl.
Аляксандр Васілюк вырашыў балатавацца ў Сейм як беспартыйны незалежны кандыдат:
– Мая дзейнасць не абмяжоўваецца асяроддзем праваслаўнай ці нацыянальнай меншасці, мы таксама займаемся антыхейтавым праектам. Мая дзейнасць дакладна будзе накіравана на сацыяльную сферу, ахову асяроддзя, а таксама на працу з моладдзю, якая напэўна з’яўляецца найважнейшай. Маім планам дзейнасці быў старт з Варшавы таму, што мы ніколі не мелі там прадстаўніка. Дзякуючы гэтаму зможам праверыць колькі асобаў у Варшаве і ўсім свеце, бо галасаванне па варшаўскім спісе пройдзе ва ўсім свеце.
Нагадаем, што з Беластоку са спісу „Грамадзянскай кааліцыі” у Сейм балатуецца былы шматгадовы дэпутат, галоўны рэдактар „Przeglądu Prawosławnego” Яўген Чыквін. З паўднёвага Падляшша балатуецца дырэктар Агульнаадукацыйнага ліцэю ў Гайнаўцы, радны Сейміку Падляшша Ігар Лукашук. Выбары ў Сейм і Сенат адбудуцца 13-га кастрычніка.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя