Хто зарабляе на санкцыях?
У Варшаве адбыліся дэбаты на тэму “Хто зарабляе на санкцыях?”
У час дыскусіі вялася гаворка пра тое як санкцыі, накладзеныя краінамі Захаду на Расею, уплываюць на беларускую эканоміку, і як яны ўспрымаюцца грамадствам.
Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі зазначае, што велізарны ўплыў на думку беларускага грамадства аказвае расейская прапаганда. У сувязі з гэтым большая частка беларусаў не падтрымлівае санкцыі супраць Расеі. У той самы час большасць беларусаў лічыць, што Расея не ўцягне Беларусь у канфлікт з Захадам:
– Санкцыі адносна Расеі не падтрымлівае нават больш беларусаў, чым гэта было адносна самой Беларусі. Гэта парадокс! Амаль дзве трэці беларусаў лічыць, што Расея не ўцягне Беларусь у нейкія праблемы з Захадам. І ёсць шмат іншых індыкатараў, якія паказваюць нам такую рысу беларускага нацыянальнага характару, беларускай масавай свядомасці як беларускі геапалітычны інфантылізм.
Супрацоўніца “Новай Усходняй Еўропы” Караліна Словік лічыць, што сапраўды Беларусь можа атрымліваць прыбытак, дзякуючы магчымасці рээкспарту еўрапейскіх сельскагаспадарчых прадуктаў у Расею. У той жа час у фінансавым плане сумы дахода будуць нязначныя, а Беларусь надалей становіцца ўсё больш залежнай ад Расеі.
– Пуцін забараніў экспарт харчовых прадуктаў са ЗША і ЕЗ ў Расею. Лукашэнка скарыстаўся гэтым, каб рээкспартаваць гэтыя прадукты ў Расею. Міжнародныя эканамічныя эксперты прагназуюць, што Беларусь заробіць на гэтым штогод каля 400 млн. даляраў. Гэта не такая вялікая лічба, калі ўлічыць, што ў 2014 годзе Беларусь мусіць выплаціць замежны доўг у памеры 2 млрд даляраў.
Дэбаты былі арганізаваныя Ініцыятывай “Вольная Беларусь”.
[Not a valid template]
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота Аляксандра Папко і аўтара