Хутка будзе вядомы пераможца „Падляшскай маркі – 2014”



Закончылася інтэрнэт-галасаванне на ўзнагароду падляшскага спажыўца ў рамках конкурсу “Podlaska Marka Roku 2014”. Прыблізныя вынікі паказалі, што фаварытам конкурсу з самага пачатку быў праваслаўны манастыр у Супраслі. За першае месца з манастыром змагаўся таксама марсаход студэнтаў беластоцкай палітэхнікі “Гіперыён”. Аднак, як падкрэслівае віцэ-дырэктар дэпартамента прамоцыі ваяводства ў маршалкоўскай управе Міхал Падбельскі, пад канец конкурсу вынікі былі вельмі падобныя. Так, пераможца атрымае 15 000 злотых за першае месца і магчымасць прамоцыі ў Польшчы і за мяжою, дадае Падбельскі.

– Цягам года папулярызуем, прамуем нашых лаўрэатаў. Робім гэта ў самім рэгіёне і па-за яго межамі, таксама ў Еўропе. У гэтым годзе будзе сусветная выстава ў Мілане. Сёлетнія лаўрэаты будуць разам з намі на ёй.

У конкурсе “Podlaska Marka Roku 2014” прымалі ўдзел 20 кандыдатаў. Можна было галасаваць, між іншым, за гарадскі ровар „BiKeR”, „Halfway Festival” у Беластоку, рэстаран „Царскі” ў Белавежы, рэгіянальны выраб з салодкага цеста – сенкач з Сухаволі. Хто атрымае 15 тысяч злотых і магчымасць прамоцыі свайго прадукта – даведаемся 17 красавіка ў час гала-канцэрта ў Падляшскай оперы і філармоніі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота m.bialystok.gazeta.pl