Кіеўскі Майдан зачышчаны камунальнікамі



Тры намёты на Майдане Незалежнасці, каркас ялінкі і барыкада на Інстытуцкай – гэта ўсё, што засталося ад Майдана сёння. Пасля некалькіх дзён супрацьстаяння ў цэнтры Кіева камунальнікі і кіеўляне вымусілі згарнуць намёты і барыкады майданаўцаў.

Ачыстка Майдана ніяк не адбілася на ўкраінскім грамадстве, бо большасць тых, хто быў на Майдане з лістапада па люты не разумелі, што робяць так званыя пратэстоўцы на Майдане цяпер, кажа ўкраінскі палітолаг Яраслаў Чарназуб:

– Там на сённяшні дзень ёсць крымінал, ёсць люмпен і крымінал, не трэба супастаўляць гэта са словам Майдан. Гэта свайго кшталту маніпуляцыя, асабліва з боку расейскіх СМІ, яны нібыта супастаўляюць, што гэта нібыта Майдан. Тыя, хто хочуць зрабіць дабро для дзяржавы, або ваюе, або іншым чынам уносіць сваю лепту ў барацьбу з расейскім акупантам. Сядзець на Майдане і „крышаваць” бізнес, займацца рэкетам і паборамі – гэта не мае ніякага дачынення да Майдана.

Пасля ачысткі праезнай часткі быў адкрыты рух па Крашчаціку. На вуліцы Інстытуцкай, дзе загінула найбольшая колькасць людзей падчас супрацьстаяння ў лютым, барыкаду пакінуць да моманту ўсталявання мемарыялу героям Нябеснай сотні.

[Not a valid template]

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pravda.com.ua