Кіеўскі Патрыярх Філарэт: У Расеі няма Бога!



Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату застаецца ці не самым паслядоўным і прынцыповым абаронцам украінскага суверэнітэту. Святары Кіеўскага патрыярхату дапамагалі пратэстоўцам на Майдане. Капеланы гэтай царквы ёсць амаль ва ўсіх частках Узброеных сілаў Украіны і ў добраахвотных батальёнах. Пры шмат якіх парафіях створаныя валанцёрскія цэнтры, якія апякуюцца вайскоўцамі.

Падчас візіту да Чарнігава Патрыярх Філарэт, які ўзначальвае Кіеўскі Патрыярхат, вельмі радыкальна выказаўся і пра расейскую агрэсію, і пра будучыню Расеі, і пра перспектывы заканчэння вайны.

Украіна – міралюбная краіна. Украіна аддала сваю ядзерную зброю. На чужыя землі не нападала, але сваё бароніць. Мы абараняем сваю зямлю, мы не нападалі на Расею. На чыім баку Бог? На баку агрэсара? Не можа быць Бог на баку няпраўды і ліха! І таму Расея асуджаная на паразу, бо там Бога — няма. Там ліха, з якім Бога быць не можа.

Наша царква лічыць сваім абавязкам абараняць сваю зямлю і свой народ і заклікаць парафіянаў да абароны Бацькаўшчыны.

Ці чуе народ нашы заклікі? Чуе. Таму што не толькі добраахвотныя батальёны абараняюць нашу зямлю ў Антытэрарыстычнай аперацыі. Украіну бароніць увесь народ, ад Захаду да Усходу. Украінскі народ не змаглі аб’яднаць палітыкі. Але, праз дапушчэнне пакутаў і смерці, гэта зраіў Гасподзь Бог. Ён падняў народны дух, а дух заўсёды непераможны. У вайне перамагае не зброя. У вайне перамагае дух.

Наша царква ўжо ўзнагародзіла каля 7 000 вайскоўцаў і валанцёраў за абарону нашай зямлі ад агрэсара. Мы ўпэўненыя, што з намі праўда. Дзе праўда – там Бог, а дзе Бог – там перамога. Таму, мы і дапамагаем Украіне, праз нашых святароў і нашых валанцёраў, якія цяпер працуюць у нашых вайсковых частках на Данбасе. Яны падымаюць іх дух там, дзе гуляе смерць.

Неўзабаве мы будзем святкаваць нашу перамогу. І мы ўжо бачым на даляглядзе гэтую перамогу.

Праваслаўная Царква Кіеўскага патрыярхату — найбольш уплывовая праваслаўная Царква Украіны. Вернікамі гэтай царквы з’яўляецца каля 44 % украінцаў. 21 % украінцаў — вернікі Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, 11 % — грэка-каталікі, каля 2 % — рыма-каталікі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: korrespondent.net