Кіеўскі суд арыштаваў былога кіраўніка фракцыі Януковіча ў Вярхоўнай Радзе
Кіеўскі суд арыштаваў на два месяцы былога кіраўніка фракцыі Януковіча ў Вярхоўнай Радзе. Генеральная пракуратура Украіны абвінавачвае затрыманага Аляксандра Яфрэмава ў службовых злоўжываннях і службовай падробцы.
Акрамя таго украінская пракуратура правярае датычнасць экс-рэгіянала з Луганска да канфлікту на Данбасе.
Менавіта алігархаў з Данбасу вінавацяць у арганізацыі так званых ДНР і ЛНР на Данбасе, кажа грамадскі актывіст з Харкава Сяргей Кузан.
– Яфрэмаў – гэта «хросны бацька» сепаратыстаў ЛНР, Ахметаў – «хросны бацька» ДНР. Гэта дзве ключавыя постаці, усе іншыя – клоўны, марыянеткі. Прынамсі, тое, што пачалі крымінальную справу супраць яго – ужо будзе сігналам для ўсіх прыхільікаў сепаратыстаў, якія цяпер ёсць.
Напярэдадні новы генеральны пракурор Украіны Віктар Шокін адзначыў, што пракуратура правярае датычнасць алігархаў Аляксандра Яфрэмава і Рыната Ахметава да канфлікту на Данбасе, аднак пакуль абвінавачванні па гэтай справе не прад’яўляліся.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
argumentua.com