Кім захапляецца сённяшняя моладзь?
Кім захапляецца сённяшняя моладзь? У Бельскай «тройцы» прайшло ўрачыстае падвядзенне конкурсу „Мой герой Беларус”. Удзельнікам трэба было напісаць тэкст, у якім яны апісваюць свайго героя. Сярод дасланых прац найлепшымі аказаліся працы Вікторыі Гаць, Паўліны Ёдлы і Магды Вайцешык. Лаўрэаткі апісвалі блізкіх для сябе людзей, кажа арганізатарка конкурсу, рэдактар дзіцячага дадатку „Зорка”, Ганна Кандрацюк-Свярубская:
— Дзеці яшчэ ў такім узросце не надта разумеюць, што гэта ёсць такая гістарычная постаць, ці вялікі беларускі дзеяч. Яны асацыююць гэта з мовай. Іх героі, гэта людзі, якія пераказалі ім мову, ад якіх яны пачулі, што яны беларусы. І ў гэтым вялікая каштоўнасць конкурсу.
Удзельнікі конкурсу атрымалі ўзнагароды.
Конкурс быў арганізаваны тыднёвікам Беларусаў у Польшчы „Ніва” і прымеркаваны да сотай гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Працы лаўрэатаў можна будзе прачытаць на старонках „Зоркі”.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя