Кіраўнік МЗС Ірана абмеркаваў з Макеем лёс мігрантаў на мяжы Беларусі і Літвы
Сітуацыю з іранцамі, якія захраслі на беларуска-літоўскай мяжы абмеркавалі міністры замежных спраў Ірана і Беларусі, паведамляе прэс-служба іранскага знешнепалітычнага ведамства.
Міністр Хасейн Амір-Абдалахіян патэлефанаваў свайму калегу Уладзіміру Макею і папрасіў дапамогі для 13 іранцаў, якія доўгі час знаходзяцца на беларуска-літоўскай мяжы. Ён заявіў, што яго краіна «сур’ёзна занепакоеная станам сваіх грамадзян».
МЗС Ірана хоча, каб беларускі бок паказаў месца, дзе знаходзяцца іх грамадзяне, для аказання ім меддапамогі і наступнага вяртання на радзіму.
Уладзімір Макей пацвердзіў гатовасць Менска аказаць максімальнае садзейнічанне.
Нагадаем, раней Іран «афіцыйна паведаміў беларускаму боку пра сур’ёзную занепакоенасць сітуацыяй з іранскімі грамадзянамі, якія апынуліся ў пастцы на мяжы».
— Пасля таго, як Міністэрству замежных спраў стала вядома пра сітуацыю [з грамадзянамі Ірана], пасольству Ірана ў Беларусі было даручана тэрмінова заняцца гэтым пытаннем. Пасольства неадкладна звязалася з МЗС і іншымі адпаведнымі беларускімі органамі для атрымання дадатковай інфармацыі пра становішча нашых суайчыннікаў, якія апынуліся ў пастцы на беларуска-літоўскай мяжы, і вырашэння іх праблем. Падчас гэтых тэлефанаванняў пасольства заклікала да супрацоўніцтва кампетэнтныя беларускія ўстановы, — заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Ірана Саід Хацібзадэ.