Кіраўнік польскага МЗС: Мы павінны быць гатовыя да яшчэ большага міграцыйнага ціску
Міністр Збігнеў Рау падкрэсліў, што Польшча падрыхтаваная да магчымага росту міграцыйнага ціску на ўсходнюю мяжу ЕС. Увядзенне надзвычайнага становішча на польска-беларускім памежжы істотна дапамагло кантраляваць прыток нелегалаў у Польшчу, пераконваў міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау ў Рызе, дзе праходзіць сустрэча міністраў замежных спраў і абароны Польшчы, Латвіі, Літвы і Эстоніі.
На прэс-канферэнцыі палітык гаварыў, між іншым, пра важнасць супрацоўніцтва паміж краінамі рэгіёну па абароне знешніх межаў Еўрапейскага Саюза. Міністр Збігнеў Рау падкрэсліў, што Польшча падрыхтаваная да магчымага росту міграцыйнага ціску на ўсходнюю мяжу ЕС:
– Калі беларускі рэжым не адмовіцца ад сваёй тактыкі, мы павінны быць гатовыя да яшчэ большага міграцыйнага ціску. Аднак мы разумеем, што абараняем не толькі нашу дзяржаўную мяжу, але і знешнюю мяжу Еўрасаюза, і мы разлічваем на падтрымку кожнай дзяржавы-члена.
Міністры размаўлялі, між іншым, пра ўзмацненне стрымлівання і абароны межаў Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі. У гэтым кантэксце згадваліся, напрыклад, спробы дэстабілізаваць сітуацыю ў Еўрасаюзе шляхам адпраўкі нелегальных імігрантаў на мяжу ЕС. Акрамя таго, міністры разглядалі пытанні агульнай бяспекі і супрацоўніцтва ў кантэксце беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад 2021».