Кіраўнікам самаўрадаў забароняць засіджвацца?



Падляшскія самаўрадаўцы пратэстуюць супраць планаў польскага ўраду, які мае намер абмежаваць колькасць тэрмінаў для войтаў, бурмістраў і прэзідэнтаў гарадоў.

Палітыкі кіруючай партыі „Права і Справядлівасць” хочуць абмежаваць колькасць тэрмінаў, якія адна асоба можа займаць кіруючую пасаду ў самаўрадзе.

Самаўрадаўцы закідаюць польскім уладам, што яны без прычыны называюць войтаў, якія шмат гадоў займаюць свае пасады, “дыктатарамі” і “тыранамі”, а людзі з іх акружэння “хеўрай”. У палажэнні, якое прынялі ў Беластоку, таксама адзначаецца, што змена была б неканстытуцыйнай.

Паводле войта гміны Орля Пятра Сельвесюка, абмежаванне да двух тэрмінаў спрычыніцца да заняпаду самаўрадаў:

– Па-першае, у праўнай дзяржаве чагосьці такога не можа быць. Па-другое, увядзенне такіх законаў прывядзе да інтэлектуальнай непаўнавартаснасці мясцовага самакіравання. Той, хто мае працу, не адважыцца прыйсці на два тэрміны, бо што пазней?

Пад палажэннем у справе планаў польскага ўраду абмежавання колькасці тэрмінаў для войтаў, бурмістраў і прэзідэнтаў гарадоў падпісалася 32 самаўрадаўцы.

На наступным тыдні ў Цеханоўцы, што ў Падляшскім ваяводстве, адбудзецца сустрэча Саюза вясковых гмінаў, на якой самаўрадаўцы будуць фармуляваць чарговае становішча ў гэтай справе.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя