Кірмаш рэгіянальнай прадукцыі “Смакі Падляшша”



Кірмаш рэгіянальнай прадукцыі “Смакі Падляшша” адбыўся 14 ліпеня ў Падляшскім музеі народнай культуры. Найчасцей рэгіянальныя прадукты вырабляюць сем’ямі.

Таму нярэдка прозвішча становіцца брэндам. А пераважная большасць брэндаў з тых, што трапілі на “Смакі Падляшша”, можа пахваліцца яшчэ і экалагічнай вытворчасцю. Кажа сыравар з Аўгустова Пётр Ох:

– Нашу прадукцыю мы робім з нуля. Мы маем сваіх жывёл. Каровы і козы пасвяцца на лугах. Мы не ўжываем ніякіх машын для даення. Толькі рукамі. Сыры робім таксама толькі натуральныя.

Многія ўдзельнікі кірмашу працягваюць справу бацькоў і дзядоў, робячы свае прадукты па фамільных рэцэптах. А некаторыя нават вяртаюць з забыцця колішнюю прафесію сваёй сям’і. Кажуць майстрыха па квашанні капусты Ганна Сенкевіч і бортнік Кшыштаф Сурэль:

– Калісьці даўно пчол меў мой прадзед. Але пасля гэтай справай ніхто не займаўся.

– Нашыя бацькі пачыналі квасіць капусту хатнім спосабам. Бабуля, прабабуля, мама. А мы з таго зрабілі ідэю для жыцця і працы.

Год ад году фестываль “Смакі Падляшша”набывае папулярнасць сярод удзельнікаў і наведвальнікаў. Удзельнікамі сёлетняга кірмашу сталі больў за 30 фірм і прадпрымальнікаў з самых розных куточкаў Падляшша.

 

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя