Кіроўцы: У чэргах вінаваты беларускі бок



“У чэргах вінаваты беларускі бок,”- тлумачаць кіроўцы грузавікоў. На памежным пераходзе Баброўнікі-Бераставіца чарга грузавікоў, якія хочуць выехаць у Беларусь, расцягнулася на 10 кіламетраў.

На гэтым памежным пераходзе кіроўцы фураў чакаюць каля 20 гадзін.

– Беларускі бок кепска прапускае. Два мытнікі сядзяць і марудна ўсё афармляюць. У палякаў гэта ўсё хутка робіцца. Колькі разоў тэлефанавалі на “гарачую лінію”, а нам адказваюць:  усё працуе ў штатным рэжыме. І ўсё нармальна.

– Што тэлефануеш, што не – розніцы ніякай. Можаш за двое сутак прайсці, можаш за суткі ці за дзесяць гадзін, усё залежыць ад таго, як яны працуюць.

– Звычайна, як мінімум суткі. Гэты жах ніколі не заканчваецца. Нічога не мяняецца. Як было 5 гадоў таму, так і зараз. Беларусь адказвае: усё працуе ў штатным рэжыме.

На выхадных, паводле прэс-сакратар Падляшскай пагранічнай службы Катажыны Здановіч, чэргі грузавікоў на ўезд у Беларусь былі практычна на ўсіх памежных пераходах.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя