Кніга пісьменніцы з Гайнаўкі стала бестсэлерам у Польшчы
Раман „Акулярнік” польскай пісьменніцы беларускага паходжання Кацярыны Бонды стаў бестсэлерам сеткі крамаў „Empik” у Польшчы.
„Не хаваю вялікай радасці, ніколі не паддавайцеся і змагайцеся за сваё”, – піша ў сваім Фэйсбуку аўтарка кнігі, якая стала лідарам продажаў у 2015 годзе.
У інтэрв’ю нашаму радыё Кацярына Бонда адзначыла, што „Акулярнік” для яе вельмі асабістая кніга:
– Крымінальны раман не з’яўляецца для мяне інтрыгай – гэта толькі нагода. Я ў той час увогуле не мела ўяўлення пра тое, што дайшло да гэтага пагрому, які здзейсніў Рамуальд Райс “Буры”. Былі знішчаныя, зраўняныя з зямлёй некалькі праваслаўных вёсак – гэта быў пагром на нацыянальным грунце. Адкрыццё таго, што я маю беларускія карані, што я адтуль, што дзяды і прадзеды адтуль – гэта было пры гэтай кнізе, пры „Акулярніку”.
„Акулярнік” – гэта дэтэктыў, у аснову якога ляглі крывавыя злачынствы, здзейсненыя на Беласточчыне ў студзені-лютым 1946 года аддзелам польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса, псеўданім “Буры”.
Катажына Бонда родам з Гайнаўкі, закончыла беларускі ліцэй. Першы яе дэтэктыў „Справа Ніны Франк”, выйшаў у 2007 годзе. Ужо выйшла восем кніг пісьменніцы.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя