Кнігі ад Беларускага фонду культуры беларускім школам у Польшчы
Да канца 2019 года ўсе школы з беларускай мовай навучання альбо вывучэннем беларускай мовы ў Польшы атрымаюць кнігі ад Беларускага фонду культуры. Пра гэта заявіў старшыня фонду Тадэвуш Стружэцкі. Акрамя таго, школьнікі, якія вывучаюць беларускую мову ў Польшчы, Латвіі і Літве сустрэнуцца з беларускімі дзеячамі культуры.
– Мы сабралі даволі вялікую колькасць беларускамоўнай літаратуры. Сфарміруем бібліятэчкі і перадамо гэтым школам. Дарэчы, ужо такая бібліятэчка перададзена школе ў Друскеніках. Да канца года плануецца не толькі перадача кніг, але і сустрэча з вядомымі людзьмі – пісьменнікамі, дзеячамі культуры.
Супрацоўніцтва са школамі, дзе вывучаюць беларускую мову альбо вучацца на нашай мове, уваходзіць у статут Беларускага фонду культуры. За апошні час з’явілася шмат цікавых выданняў, з якімі варта знаёміць тых, хто займаецца беларушчынай за мяжой, лічаць у фондзе.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск