Колькасць хворых на каронавірус у Польшчы хутка расце



Міністэрства аховы здароўя Польшчы паведаміла пра 25 новых выпадкаў заражэння каронавірусам. Такім чынам, агульная колькасць хворых у Польшчы павялічылася да 150-ці чалавек, з іх 13 ужо выздаравелі, а тры чалавекі – памерлі.

Міністр Лукаш Шумоўскі прагназуе, што да канца тыдня колькасць заражаных можа дасягнуць чатырохзначнай лічбы:

– Цягам бягучага тыдня імаверна будзем мець звыш тысячы пацыентаў са станоўчым вынікам на каронавірус. Гэта лічба будзе хутка расці. Сёння мы мелі чарговыя 25 станоўчых вынікаў. Верагодна да вечара іх будзе болей. Маю надзею, што тэмп захворванняў у пэўны момант запаволіцца. І мы будзем мець час на рэакцыю, на лячэнне пацыентаў.

Створаны так званыя аднайменныя шпіталі ў кожным ваяводстве, якія будуць прымаць толькі хворых на каронавірус. Міністр аховы здароўя заклікае грамадзянаў заставацца дома, паколькі абмежаванне кантактаў будзе спрыяць запавольванню распаўсюду каронавіруса.

Найбольш выпадкаў каронавіруса цяпер зафіксавана на Дольным Слёнску і Мазоўшы. Падляшскае ваяводства пакуль застаецца “белай плямай” на мапе распаўсюду вірусу: у рэгіёне няма пацверджаных выпадкаў, але ў бальніцах знаходзіцца 10 чалавек з падазрэннем заражэння Covid-19.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Maja Hitij/Getty Images