Конкурс беларускай паэзіі і прозы “Дэбют” працягвае прыём заявак



Да 31-га кастрычніка працягваецца прыём заявак да ўдзелу ў Агульнапольскім конкурсе беларускай паэзіі і прозы “Дэбют”. Конкурс арганізуецца тыднёвікам беларусаў у Польшы “Ніва” пры фінансавай падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы.

У конкурсе могуць прыняць удзел творы, якія дагэтуль нідзе не друкаваліся і не ўзнагароджваліся на іншых конкурсах. Расказвае пісьменніца і журналістка “Нівы” – Міра Лукша:

– Гэта конкурс, які адбываецца ўжо 21-ы раз. Ён збірае аўтараў, якія пішуць па-беларуску. Ад самых малых да аўтараў, якім за 80-90 гадоў. Пішуць яны часта проста ў стол. Можна выслаць ці занесці гэтыя тэксты ў “Ніву” і аддаць для ацэнкі журы. 3-5 вершаў, а проза залежыць ад велічыні тэксту. Гэта можа быць фрагмент кнігі, можа быць эсэ, рэпартаж – самыя розныя жанры літаратурныя.

Падрабязна пра форму падачы заяўкі можна даведацца на сайце тыднёвіка “Ніва”, альбо звярнуўшыся ў  рэдакцыю тыднёвіка ў Беластоку. Абвяшчэнне вынікаў конкурсу і адмысловая сустрэча  з удзельнікамі плануецца ў снежні.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток