Конрад Сікора: З Ваўкавыскам сувязі разрываць не станем, але Міхалова на баку Украіны
Гміна Міхалова прыняла першых бежанцаў з разбуранай расейскай вайной Украіны. Апекай сем’яў займаецца мясцовая ўлада і мясцовы фонд «Малая Радзіма». Уцекачы размяшчаюцца ў камунальных і прыватных кватэрах Міхалова, таксама наладжаны збор дабрачыннай дапамогі.
Наша карэспандэнтка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – намеснікам бургамістра Міхалова Конрадам Сікорам пра тое, якую ролю адыгрывае Міхалова на фоне крызісу ў Беларусі і вайны на Украіне і што кажа мясцовае насельніцтва пра сітуацыю, ці будзе горад разрываць сувязі з беларускім пабрацімам Ваўкавыскам, і колькі ўкраінцаў ужо прыехала ў Міхалова і колькі прыблізна чакаецца:
– Складана сказаць, колькі чалавек мы ў стане прыняць, бо ўвесь час атрымліваем сігнал ад жыхароў, якія гатовыя прыняць бежанцаў пад свой дах. У першы дзень мы прынялі 18 чалавек. Падрыхтавалі памяшканне, дзякуючы супрацы з арганізацыяй “Малая Радзіма ”. Але ўжо на наступны дзень яны знайшлі сабе жыллё сярод жыхароў нашай гміны. Таму гэтае памяшканне ізноў свабоднае. Чакаем чарговых уцекачоў.
Конрад Сікора: Пакуль не атрымлівалі мы такіх сігналаў. Людзі ў нас яшчэ толькі некалькі дзён. Ім трэба адпачыць. І будзем чакаць тыя сігналы, якія яны нам агучаць. Будзем дапамагаць, як толькі можам.
РР: Ці маюць бежанцы праблемы з працаўладкаваннем, навучаннем дзяцей і іншыя праблемы?
Конрад Сікора: Пакуль не атрымлівалі мы такіх сігналаў. Людзі ў нас яшчэ толькі некалькі дзён. Ім трэба адпачыць. І будзем чакаць тыя сігналы, якія яны нам агучаць. Будзем дапамагаць, як толькі можам.
РР: Ці ёсць фінансаванне ўраду для рэалізацыі гэтых праектаў?
Конрад Сікора: Пакуль няма ніякага фінансавання. Чакаем якую-небудзь інфармацыю. Усё, што робіцца, робіцца не праз урад, не праз гміну, а праз жыхароў гміны, якія бяруць на сябе ўвесь цяжар дапамогі.
РР: Ці адбываецца ў Міхалове збор прадуктаў харчавання, лекаў для бежанцаў?
Конрад Сікора: Так, у нас увесь час працуе пункт для збору гуманітарнай дапамогі, які пачаў сваю працу яшчэ з пачаткам міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю. Вельмі патрэбныя лекі, сродкі гігіены і прадукты харчавання. Яшчэ засталося крыху адзення. Усё гэта можна прысылаць па адрасе вуліца Фабрычная у сядзібу нашай пажарнай аховы.
РР: Як Вы бачыце далейшую ролю Міхалова на гэтай тэрыторыі паміж Украінай і Беларуссю? Што мусіць рабіць Міхалова, чым яно мусіць стаць?
Конрад Сікора: Мы будзем рабіць тое, што ўвесь час рабілі – будзем дапамагаць кожнаму, хто будзе мець у гэтым патрэбу. Незалежна ад таго, адкуль ён паходзіць, незалежна ад веравызнання і колеру скуры.
РР: Тадэвуш Трускаляскі сказаў, што Беласток разрывае стасункі з Гародняй. Ці мае Міхалова такіх пабрацімаў у Беларусі і ці будзе разрываць з імі адносіны?
Конрад Сікора: Так, маем горад-пабрацім Ваўкавыск. Але пакуль не маем намеру разрываць сувязі. Людзі з Ваўкавыска ўвогуле нашыя сябры. Вельмі шмат прыемных хвілін разам перажылі. Не маем ніякіх партнёраў у Расеі. Каб там былі партнёры, мы б з імі разарвалі стасункі.
РР: То бок Беларусь, на вашую думку, не з’яўляецца агрэсарам?
Конрад Сікора: Пакуль не. Але можа ўпісацца ў гэты сцэнарый. Бо расейскае войска ўжо атакавала з беларускай тэрыторыі. А падобна, што Лукашэнка ўжо высылае беларускіх вайскоўцаў ва Украіну. Таму гэта вельмі дрэнна сведчыць пра Лукашэнку, але не пра Беларусь. Але магчыма гэта спрычыніцца да чарговай хвалі пратэстаў у Беларусі. Як мы бачым, у Расеі пачаліся пратэсты, у Грузіі. Магчыма, гэта „Вясна народаў”, як у выпадку падзення Бярлінскай сцяны. Магчыма, гэтая вайна спрычыніцца да новай „Вясны народаў” і дойдзе да паразумення.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара і з адкрытых крыніц