Консул Беларусі пра нядаўні канфлікт на мяжы



Найчасцей беларусы звяртаюцца па дапамогу ў консульства ў выпадку крадзяжу ў іх рэчаў, або страты пашпарту. Пра гэта нашаму радыё расказаў Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Аляксандр Берабеня. Таксама консул адказаў на пытанне адносна нядаўняга канфлікту на мяжы.

Консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку дапамагае разабрацца ў кафліктнай сітуацыі, якая здарылася каля памежнага пераходу ў Баброўніках. Прыгадаем, што 2 чэрвеня адбыўся канфлікт паміж беларусамі і супрацоўнікамі паліцыі, якія абвінавацілі беларусаў у парушэнні правілаў дарожнага руху. У выніку былі выпісаныя штрафы, а жыхарка Ваўкавыску атрымала самы буйны ў 1100 злотых. Яна і звярнулася ў консульства па дапамогу.

DSC_4004

Генеральны консул Аляксандр Берабеня адзначае, што ў гэтай справе зробленыя звароты ў шэраг адказных органаў, у тым ліку і ў дарожныя службы:

Была такая сітуацыя перад Баброўнікамі, калі некалькі беларусаў атрымалі штрафы. І тут адзін бок кажа сваю праўду, другі бок – сваю. Мы маем заяву беларускі, якая да нас звярнулася з просьбай разабрацца. Мы звярнуліся ў гэтай справе да ваяводы, да каменданта паліцыі, мы былі на сустрэчы з раённым пракурорам, і таксама выслалі ліст у Генеральную дырэкцыю дарог і аўтастрад. Таму што арганізацыя руху і грузавікоў, і легкавікоў, яна, на маю думку, не адпавядае таму, каб быў нармальны праезд, і каб людзі не нерваваліся, а маглі спакойна чакаць, што даедуць да мяжы, што іх нармальна абслужаць і памежнікі, і мытнікі.

Пакуль консульства не атрымала адказаў на свае звароты. Раней у прэс-службе Падляшскай паліцыі нашаму радыё адзначылі, што правядуць праверку дзеянняў службоўцаў на мяжы. Прыгадаем, што ў дачыненні да беларусаў паліцыянты выкарысталі газ.

РР: Калі здараліся іншыя выпадкі, звязаныя з грамадзянамі Беларусі, наколькі складывалася супраца з польскімі службамі, у тым ліку з паліцыяй?

Да гэтага часу і паліцыя, і іншыя службы заўсёды дапамагалі нам, і мы дапамагалі ў выпадку неабходнасці. Трэба разумець, што адпаведныя службы ў сітуацыі на мяжы павінны таксама правесці сваю праверку. Таксама хачу адзначыць, што апошнім часам пабольшала колькасць брутальных нападаў на грамадзян Беларусі, калі ў аўтамабілях выбіваюць шыбы, крадуць рэчы, у тым ліку тэхніку, кампутары, фотаапараты. Мы ў сваю чаргу інфармуем нашых грамадзян праз нашыя сродкі масавай інфармацыі пра такія выпадкі. І нашыя беларусы тэлефануюць нам і пытаюць. Мы ж імкнемся падказваць, што, напрыклад, трэба спыняцца на паркінгах, якія ахоўвацца, у месцах, якія асвятляюцца, адпачываць у адпаведных месцах, каб можна было паспаць у тым жа аўтамабілі.

РР: З якімі пытаннямі найчасцей беларусы звяртаюцца ў консульства па дапамогу?

Часцей за ўсё да нас нашыя беларусы прыходзяць не пацавалаваць консула, а вырашыць сітуацыю, у якую трапілі залежна або незалежна ад іх, напрыклад, у выпадку страты пашпарту. У мінулым годзе мы выдалі 136 так званых пасведчанняў на вяртанне ў Беларусь. У гэтым годзе ў першым паўгоддзі – больш за 40 такіх пасведчанняў. Безумоўна, гэтая лічба не гаворыць пра тое, што пашпарт скралі, нашыя суайчыннікі і самі могуць згубіць пашпарт. Што тычыцца дапамогі, то мы і грашыма дапамагаем, і з начлегам, дапамагаем суграмадзянам у кантактах з паліцыяй, выязджаем у пракуратуру ў выпадку такой неабходнасці. Мы, консулы, можам у размовах у пракуратуры выступаць і ў якасці перакладчыкаў.

РР: Калі казаць пра беларусаў, якія звяртаюцца ў консульства, то яны з якіх рэгіёнаў Беларусі найчасцей? Так, мяркую, што Гарадзеншчына…

Раней было сапраўды Гародня і рэгіён. А цяпер усе рэгіёны: і Магілёў, і Віцебск, і Менск, і больш за ўсё, хачу адзначыць Менская вобласць.

Цалкам гутарка з Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у Беластоку Аляксандрам Берабеням прагучыць у пятніцу, 12 чэрвеня, у чарговым выпуску аўтарскай праграмы “Рэгіянальны кур’ер: ад Гародні – да Берасця”. Пачатак у 22.05 паводле беларускага часу. Паўтор праграмы ў нядзелю ў 8.05. У Польшчы, адпаведна, на гадзіну раней. Таксама дазнаемся пра магчымасці падвойнага грамадзянства і пра перавагі пастаноўкі грамадзян Беларусі, якія пражываюць у Польшчы, на консульскі ўлік.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя