Крэмль загадаў падрыхтаваць усе бамбасховішчы ў Расеі



Крэмль загадаў правесці масштабны комплекс праверак і аднаўленняў усіх у краіне бамбасховішчаў савецкіх часоў. Пра гэта 6 лютага паведаміла выданне The Moscow Times са спасылкай на крыніц у расейскім кіраўніцтве.

Паводле інфармацыі выдання, гэта падрыхтоўка ўжо ідзе некалькі месяцаў і яна з’яўляецца следствам разнарадкі з Масквы ад 2022 года. 

Па звестках крыніц, падрыхтоўка будзе працягвацца ўвесь 2023 год і будзе каштаваць мясцовым бюджэтам мінімум сотні мільёнаў расейскіх рублёў. Робіцца гэта з-за зацягвання вайны ва Украіне і страху перад магчымым ператварэннем канфлікту ў нешта глабальнае.

На партале дзяржзакупак апублікаваныя сотні тэндараў на мадэрнізацыю бамбасховішчаў у рэгіёнах па ўсёй краіне. Кантракты ўключаюць рамонт вентыляцыі, гідраізаляцыю, замену дзвярэй, усталяванне паветранага фільтра і асвятлення.

Яшчэ восенню мінулага года ў СМІ стала з’яўляцца інфармацыя пра падрыхтоўку бамбасховішчаў у расейскіх гарадах. У той жа час і амаль сінхронна з гэтым МНС Беларусі таксама загаварылі пра бамбасховішчы і іх колькасць «на выпадак пагрозы або надзвычайнай сітуацыі».