Крым пераходзіць на навучанне выключна на расейскай мове



З 1 верасня навучанне ў шматнацыянальным Крыме будзе весціся выключна па-расейску. Такі парадак перадугледжаны “Законам аб адукацыі”, прынятым рэспубліканскім Дзяржаўным сходам Рэспублікі Крым.

Цяпер усе нацыянальныя меншасці, якія жывуць у Крыме, фактычна пазбаўленыя адукацыі на роднай мове. Гэта тычыцца найперш крымскіх татараў, якія складаюць 22% ад агульнага насальніцтва, і ўкраінцаў, якіх на паўвостраве каля 20%. Ёсць яшчэ армяне, беларусы, грэкі, эстонцы, палякі і яўрэі.

Крымска-татарская і ўкраінская мова фармальна прапісаныя ў крымскай Канстытуцыі  як “дзяржаўныя” нароўні з расейскай. Але падчас абмеркавання закона камітэт Дзяржаўнага сходу Рэспубліцы Крым па адукацыі рашуча адхіліў прапанову віцэ-спікера Рэмзі Ільясава наконт абавязковага вывучэння крымска-татарскай і ўкраінскай моваў у школах. Канчатковая рэдакцыя закона “Аб адукацыі” зафіксавала наступны пункт: “выкладанне на крымска-татарскай і ўкраінскай мовах можа весціся ў межах магчымасці адукацыйнай сістэмы”. У міністэрстве адукацыі Рэспублікі Крым гэтую фармулёўку растлумачылі так: цяпер крымска-татарская ці ўкраінская мова можа выкладацца факультатыўна, без уліку адзнак у атэстаце.

І Меджэліс крымска-татарскага народа, і афіцыйны Кіеў ацанілі гэты закон, як дыскрымінацыйны і русіфікатарскі.

Для Беларускага Радыё Рацыя – Марцін Война, Украіна.