Крымская „Беларусь” мае праблемы з адпачываючымі



Санаторый “Беларусь”, які знаходзіцца ў пасёлку Міхсор непадалёк Ялты, мае праблемы з адпачываючымі. Сёлета іх яшчэ больш, чым у гэты ж перыяд летась.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Санаторый “Беларусь” заўсёды лічыўся ў Ялце месцам камфортнага і не надта дарагога адпачынку. Санаторый знаходзіцца на балансе Упраўлення справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што надае здраўніцы асобы статус. Звычайна ўсе пуцёўкі ў “Беларусь” былі забраніраваныя яшчэ за два месяцы да пачатку пляжнага сезона.

Пасля расейскай анексіі Крыма беларускі санаторый упершыню за сваю гісторыю зазнаў страты. Летась падчас “аксамітавага сезону” “Беларусь” была заселеная толькі на 68%.

Сёлятняя сітуацыя яшчэ горшая. Нягледзячы на традыцыйна высокі ўзровень паслугаў, санаторый запоўнены крыху больш чым на дзве траціны. Да гэтага спрычынілася не толькі дэпрэсіўная сітуацыя ў Крыме, транспартныя праблемы і брак пітной вады, але і вельмі высокія кошты. Самы танны нумар каштуе 1970 расейскіх рублёў у суткі, што складае крыху больш за 40 даляраў, самы дарагі – 5500 тысяч расейскіх рублёў, ці 110 даляраў.

Раней у гэтай здраўніцы адпачывалі пераважна грамадзяне Беларусі. Цяпер сітуацыю спрабуюць выправіць коштам расейскіх турыстаў, але тыя па-ранейшаму ігнаруюць адпачынак на анексаваным паўвостраве, аддаючы перавагу больш танным Турэччыне і Егіпту.

Беларускае Радыё Рацыя, Марцін Война, Украіна