Крымскія татары надалей пад ціскам расейскіх уладаў
Вобшукі, выклікі на допыты і пераслед. Крымскія татары надалей знаходзяцца пад вялікім ціскам новых расейскіх уладаў. Гэтую інфармацыю агучыў кіраўнік Мэджлісу крымска-татарскага народа Рэфат Чубараў на брыфінгу ў Кіеве. Ён выказаў упэўненасць, што ўсё гэта робіцца дзеля таго, каб „раздушыць крымскіх татараў як арганізаваную структуру”.
Ленур Керымаў з Хельсінкскага фонду правоў чалавека ў Варшаве прыводзіць канкрэтныя факты пераследу татараў у Крыме:
– Праводзяцца вобшукі, асабліва сярод веруючай часткі. Праходзяць вобшукі ў мячэцях, у дамах вернікаў. Шукаюць рэлігійную літаратуру, якая ва Украіне не была забароненая, але забаронена Расеяй. Непадалёк ад Бахчысарая ёсць ліцэй, у якім таксама праходзіў вобшук. Асноўная мэта усё ж – запужаць.
Датычна самога парламента крымска-татарскага народа – Мэджлісу – Ленур Керымаў адзначае, што ўлады спрабуюць яго раскалоць, хоць пакуль баяцца пайсці на яго ліквідацыю:
– Некаторых чальцоў Мэджлісу – здаецца, гэта 2 ці 3 чалавекі – здолелі прыцягнуць да ўдзелу ў розных органах улады, пакуль іх чалецтва ў Мэджлісе было прыпынена да наступнага з’езду. Гэта адзін метад. А другі – гэта забарона ўезду для Чубарава, Джэмілева і іншых. Пакуль мне падаецца, што цалкам забараніць Мэджліс яны баяцца яшчэ.
Але ў перспектыве расейскія ўлады напэўна не пагодзяцца з існаваннем Мэджлісу, які непадкантрольны Крамлю, лічыць наш суразмоўца. Цяпер зачышчаюцца ўсе праявы дэмакратыі, працягваецца ціск на незалежныя СМІ, журналістаў выклікаюць на допыты. У прыватнасці, напярэдадні на допыт выклікалі Лізу Бугуцкую, аўтарку незалежнага блогу. Раней канфіскавалі ўсю маёмасць Цэнтра журналісцкіх расследаванняў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота from-ua.com