Крыжовая хада ці правакацыя спецслужбаў?
У Кіеве праходзіць Крыжовая хада, арганізаваная Расейскай праваслаўнай царквою Маскоўскага патрыярхату. Ці не большасць украінскіх патрыётаў успрымаюць гэтую Крыжовую хаду як варожае насланне.
Прычыны для хваляванняў навідавоку. Крыжовая хада распачалася ў Святагорскай лаўры, што на тэрыторыі непрызнанай ДНР. Разам з праваслаўнымі абразамі ўдзельнікі нясуць партрэты рускага цара Мікалая ІІ, таксама ў натоўпе заўважаныя георгіеўскія стужкі. Працэсію суправаджаюць невядомыя маладзёны ў камуфляжах, якія прадстаўляюцца “казакамі з аховы”. Пры гэтым удзельнікі Крыховай хады дэкларуюць сваёй мэтай “малітву за мір”.
Чаго чакаць украінцам ад гэтай Крыжовай хады? Што гэта – рэлігійнае мерапрыемства ці дэманстрацыя “русского мира”? Ці можна чакаць якіх-небудзь правакацый?
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з самымі рознымі людзьмі, якія і выказалі сваё бачанне сітуацыі.
Аляксандр Есянчук, каардынатар “Самаабароны Майдану”: Сітуацыю трэба разглядаць у канэтксце таго, што адбываецца ва Украіне і вакол яе апошнімі днямі. Разгортванне новых частак расейскай арміі на мяжы з той жа Чарнігаўшчынай, тэрарыстычны акт у цэнтры Кіева, у выніку якога загінуў беларус Павел Шарамет. А цяпер яшчэ і гэтая “Храсная хада”. Упэўнены, гэтыя падзеі звязаныя.
Якая мэта Маскоўскага патрыярхату? Прадэманстраваць усім і кожнаму: маўляў, усе народы хочуць жыць “с матушкой-Россией”, і каб гэтыя народы “духовновно окремлял” патрыярх Кірыла Гундзяеў. Калі б гэтыя людзі сапраўды хацелі міру, яны б пайшлі не на Кіеў, а на Данецк і Луганск, каб праз малітвы пераканаць баевікоў скласці зброю!
Айцец Яўген (Орда), пратаіерэй Кацярыненскай царквы ў Чарнігаве, Кіеўскі патрыярхат: УПЦ Маскоўскага патрыярхату не з’яўляецца сапраўды ўкраінскай царквою. Яны нішчылі і ўкраінскі народ, і нас, ліцьвінаў, то бок беларусаў, таксама. Гэта не ўкраінцы і не беларусы, а рабы Масквы, рабы “русского мира”, якія пад расамі носяць пагоны і лампасы…
Андрэй Мельнічук, рэлігіязнаўца: Маскоўскі патрыярхат у такі спосаб хоча залякаць украінскую ўладу. Маўляў – глядзіце, якія мы моцныя і разгалінаваныя і таму і прэзыдэнт, і ўсе галінкі ўлады павінны ўспрымаць нас сур’ёзна. У Польшчы яшчэ ў 1924 годзе Пілсудскі і польскае кіраўніцтва, якое было каталікамі, вырашыла, што патрэбна свая аўтакефальная праваслаўная царква. Бо інакш бы ў Польшчу пайшлі агенты бальшавікоў у расах і агенты “белай гвардзіі” пад выглядам папоў. І тыя, і тыя будуць ствараць “пятую калону”.
Васіль Чэпурны, галоўны рэдактар газеты “Сівершчына”: Я не бачу ў гэтым вялікай пагрозы, бо галоўная мэта гэтай Крыжовай хады – мабілізацыя прарасейскай царквы ва Украіне для ціску на Сусветнага патрыярха Варфаламея, які апошнім часам вельмі прыхільна выказваецца да ўкраінскай нацыянальнай царквы. Нейкія канфлікты, вядома ж, мажлівыя, бо ў нас ёсць людзі радыкальныя – асабліва тыя, хто прайшоў Антытэрарыстычную аперацыю. Людзі, якія пабывалі на фронце, бачылі, што падзеі і ў Данецку, і ў Луганску таксама пачыналіся з падобных “Крыжовых хадоў”. Гэта тыповая расейская дэманстрацыя. Як калісь сказаў патрыярх Філарэт, падчас расейска-ўкраінскага канфлікту вакол выспы Тузла – “усё, што Расея робіць супраць Украіны, рана ці позна абарочваецца супраць яе”.
РР: Але ж Крыжовая хада распачалася ў Святагорскай лаўры – той самай, дзе базаваўся расейскі афіцэр ГРУ Гіркін, а таксама расейскія спецназаўцы і супрацоўнікі ФСБ. Скончылася ўсё гэта вялікай крывёю, пасля чаго пачаўся захоп Славянска і Краматорска…
Васіль Чэпурны: Тады былі зусім іншыя часы. Тады ані міліцыя, ані СБУ проста не працавалі, яны былі дэзарганізаваныя. Цяпер усё інакш. Упэўнены, што спецслужбы адсочваюць сітуацыю. І, увогуле, чым менш мы будзем звяртаць увагу на ўсіх гэтых маскоўскіх папоў, тым лепш будзе нам усім!
Тым часам у Кіеве прыняты беспрэцэдэнтныя меры бяспекі. Крыжовую хаду ахоўвае больш за 5 000 паліцыянтаў, а таксама СБУ, Нацыянальная гвардыя і грамадскія актывісты.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота 1news.info