Кшыштаф Трускаляскі: Задача ўсёй Еўропы – дапамагчы Украіне, а Лукашэнку – апамятавацца



Увесь свет чакае на другі раўнд перамоваў паміж Расеяй і Украінай паблізу беларуска-польскай мяжы. У любым выпадку, акрамя Украіны, у Расеі ёсць яшчэ адна тэрыторыя зацікаўлення – Сувальскі калідор, які адкрывае доступ да Калінінградскага анклаву з Польшчы.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з „Госцем Рацыі” –  дэпутатам Сейму з Падляшша Кшыштафам Трускаляскім пра тое, колькі ўкраінцаў звяртаецца па гуманітарную і юрыдычную дапамогу ў Беластоку, што могуць зрабіць Польшча і Беларусь у гэтай вайне, і ці існуе пагроза ўварвання расейскіх войскаў на тэрыторыю Польшчы.

РР: Наколькі зараз для Польшчы пытанне вайны з’яўляецца актуальным?

– На гэты момант мы не бачым пагрозы для Польшчы. Канешне, войска і Міністэрства абароны сочаць за сітуацыяй, але лічым, што Пуцін не пасунецца так далёка, не пасунецца да межаў NATO. Хацеў бы прыгадаць, што мы з’яўляемся чальцом NATO. Генеральны-сакратар Столтэнберг сказаў, што калі адзін з чальцоў будзе здзейснены напад, то гэта будзе вайна з усім NATO. Мне здаецца, што пакуль такой пагрозы няма. Трэба засяродзіцца на на дапамозе ўкраінцам, гэта найважнейшае.

РР: Ці могуць быць дасланыя войскі NATO на дапамогу Украіне?

Польшча, а таксама еўрапейскія краіны дасылаюць зброю, амуніцыю, забяспечваюць мілітарную, гуманітарную дапамогу Украіне. Таксама санкцыі, якія будуць усё больш адчувальнымі. Сярод іншага выключэнне SWIFT Расеі – гэта санкцыі супраць Пуціна і расейскіх алігархаў, якія мы ўводзім.

РР: Якія яшчэ крокі можна чакаць ад Польшчы?

– Трэба працаваць, гэта найважнейшае. Увесь Еўразвяз, усё NATO павінны дапамагчы ўкраінцам, павінны супрацоўнічаць. Трэба зрабіць усё, каб дапамагчы ўкраінцам, дапамагчы тым, чым можам. Цешуся, што Польшча заангажавалася, кажу не толькі пра ўрад, але таксама пра палякаў, якія масава прыязджаюць на мяжу і дапамагаюць украінцам. Яны прыязджаюць на мяжу, забіраюць іх у свае дамы. Хацеў бы падзякаваць усім жыхарам за гэтую дапамогу, яна для гэтых людзей неабходная. Людзі, якія ўцякаюць ад вайны, баяцца за сваё жыццё, таму трэба ўсім заангажавацца ў аказанне дапамогі. Я запрашаю ўсіх у офіс „Грамадзянскай платформы” на вуліцы Малмеда 10. Туды можна прыносіць дапамогу: ежу, спальнікі, сродкі гігіены ды іншыя неабходныя рэчы для ўкраінцаў.

РР: Колькі ўкраінцаў да вас ужо звярнулася па дапамогу?

– Некалькі дзясяткаў асобаў. Перадусім канешне шукаюць кватэры. У Замбраве, адзін з прадпрымальнікаў, які мае хостэл, ужо прыняў некалькі ўкраінскіх сем’яў. У Міхалове бурмістр знайшоў кватэру для сям’і з Украіны. Я спадзяюся на тое, што атрымаецца ўсіх размясціць. Ведаю, што ваявода і прэзідэнт Беластока шукаюць месцы. Ведаю, што гатэль Turkus прадстаўляе нумары. Ад 8 да 17 працуе пункт на чыгуначным вакзале.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

З „Госцем Рацыі” дэпутатам Сейму Кшыштафам Трускаляскім размаўляла Вольга Сямашка.

Фота аўтара і з адкрытых крыніц.

Беларускае Радыё Рацыя