Кшыштаф Трускаляскі: Зараз мы ўсе ўкраінцы і гатовыя дапамагаць уцекачам з Украіны



Офіс дэпутата Кшыштафа Трускаляскага ў Беластоку распачаў бясплатнае аказанне юрыдычных паслуг і збор прадуктаў харчавання для ўцекачоў з Украіны.

Кажа ініцыятар дапамогі, прадстаўнік «Грамадзянскай платформы» Кшыштаф Трускаляскі:

-Мы, палякі, мусім аб’яднацца. Мы мусім быць зараз з украінцамі, мусім быць з народам Украіны. Адкрываем пункт дапамогі ўкраінцам тут, у Беластоку, на вуліцы Мальмеда, 10. Гэта будзе пункт дапамогі пры маім парламенцкім офісе. Украінцаў, якія патрабуюць юрыдычнай дапамогі, запрашаем штодзённа. Зараз хочам пачаць збор прадуктаў.

Бясплатную юрыдычную падтрымку паабяцаў дэпутат Конрад Фрыштык, які прадстаўляе грамадзянскую супольнасць паўднёвага польскага горада Радам, што знаходзіцца ў 40 км ад украінскай мяжы (напрамак на Пулавы):

-Ад такога беспрэцэдэнтнага спосабу, якім Уладзімір Пуцін напаў на Украіну, церпяць нявінныя людзі – жанчыны, дзеці, якія сёння шукаюць паратунку ў нашай краіне. У Радаме, на Мазоўшы, вельмі шмат украінцаў, якія тут жывуць і працуюць, яны вельмі хочуць перавезці ў Польшчу сваіх блізкіх. Галоўнае, жанчыны і дзеці. Але мы адкрытыя да шырокай дапамогі. У маім парламенцкім офісе, у Радаме, ужо з панядзелка будзем аказваць юрыдычную дапамогу.

Падобныя пункты дапамогі ўкраінскім уцекачам «Грамадзянская платформа» плануе адкрыць ва ўсім Падляшскім ваяводстве, а таксама заклікае іншыя палітычныя рухі далучацца да салідарных дзеянняў.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя