Кулінарны паядынак



У апошні дзень траўня Дзяржаўная памежная служба Украіны атрымала «гастранамічнае» прывітанне ад беларускіх калегаў: ля памежнага пункта з Украінай на рацэ Жалонь, што ў басейне Дняпра, загучаў жаночы голас, які па-ўкраінску прапагандаваў… боршч.

На прыкладзе агульнага ўнікальнага здабытку ўсходнеславянскай кухні, а нічога падобнага няма ні ў адной еўрапейскай, падкрэслівалася адзіная славянская ідэнтычнасць. Маўляў, баршчы-суседзі, баршчы-сваякі, нягледзячы на неістотныя адрозненні ў прыгатаванні. Напрыклад, ва ўкраінскі дадаюць фасолю, а ў беларускім больш бульбы.

Таксама жаночы голас заклікаў украінскіх памежнікаў пераходзіць на беларускую старану, калі ім стане не з чаго гатаваць боршч. Адказ не змусіў доўга чакаць: украінскія памежнікі звярнуліся да беларускіх і патлумачылі, чаму зараз іх боршч выклікае поўнае непрыманне. Ён ужо не той, што быў да поўнамаштабнай вайны, і хутчэй нагадвае расейскія шчы. І колькі ў іх не дадавай бульбы, атрымліваецца “саюзная поліўка”. Брацкі беларускі боршч перастаў быць такім, калі нож, які выкарыстоўвалі для яго прыгатавання, улада ўбіла ў спіны ўкраінцаў, а дзяржаўныя службы шмат гадоў знаходзяцца ў палоне аднаго тырана і аднаго бункернага псіхапата.

Украінскія памежнікі раяць беларускім калегам змяніць «інгрэдыенты» і стаць вольным народам, а не прымусам зняволеным з навязанай расейскай турэмнай баландай. Дарэчы, украінцы далі адказ па-беларуску, пры гэтым параілі, калі ў калег раптоўна ўзнікнуць цяжкасці з беларускай мовай, ім трэба задумацца і вывучыць яе. А ад мовы акупантаў, якія зараз на беларускай зямлі, трэба адмовіцца. Цікава, ці будзе працяг кулінарны паядынак для беларускіх памежнікаў?

Ліза Ахроменка