Купалле ў Нараўцы
Купальскія песні і абрады ў выкананні беларускага калектыву “Мілавіца” са Свіслачы маглі пачуць і ўбачыць удзельнікі Ночы Купалы – мерапрыемства, якое ладзіць войт гміны і Гмінны асяродак культуры ў Нараўцы ў мясцовым Амфітэатры.
“Паказалі абрад ачышчэння поясам,” – кажа кіраўнік вакальнай жаночай групы “Мілавіца” са Свіслачы Наталля Бубен:
– Мы заражалі паясы добрай энергіяй, каб падарыць людзям, каб ім шанцавала цэлы год. Мы паказалі дзеянні з вянком, патанцавалі, заспявалі, каб яго зарадзіць, а затым пусціць на ваду. У нас яшчэ ёсць абрад з агнём. Па вадзе плывуць нашыя вянкі. Нашае жаданне – сустрэць нарачоных.
Жыхары Нараўкі ды турысты пачулі беларускія песні таксама ў выкананні калектываў з Падляшша. Правялі і конкурс на самы прыгожы вянок ды пусканне па рацэ Нараўка, на беразе якой і пабудаваны Амфітэатр.
Ноч Купалы ў Нараўцы ладзіцца заўсёды ў дзень, калі Царква ўзгадвае святога Яна Хрысціцеля.
Сёлета ў гэты ж дзень прайшло таксама Купалле ў Белавежы, свята ладзіцца Беларускім грамадска-культурным таварыствам.
[Not a valid template]
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара