Курортнаму сезону ў Крыме і сёлета не быць



У анэксаваным Крыме канстатуюць: курортны сезон, напэўна, праваліцца і сёлета. За мінулы год акупацыйныя ўлады так нічога і не зрабілі, каб прывабіць турыстаў.  Паведамляе наш карэспандэнт:

–  Паводле дадзеных Расейскай Федэрацыі, у Крыме штосезон адпачывала каля 6 мільёнаў чалавек. Украінскія турысты складалі каля 70% ад агульнай колькасці курортнікаў. На другім месцы былі грамадзяне Расеі, далей – беларусы, малдаване і казахі. Летась украінцы праігнаравалі крымскія пляжы. Не вельмі спяшаліся туды беларусы і нават расейцы. Прычын багата. Адна з галоўных – адсутнасць транспарту. Украінская чыгунка скасавала ўсе пасажырскія цягнікі на акупаваную тэрыторыю. А чакаць парому даводзіцца да 10 гадзін.

У сувязі з міжнароднымі санкцыямі амаль усе авіярэйсы ў крымскім кірунку адменены. Семферопальскі аэрапорт прымае цяпер толькі 4% самалётаў ад сваіх тэхнічных магчымасцяў. Да таго ж адчувальны недахоп электрычнасці, якую паўвостраў атрымліваў пераважна з Украіны, і пітной вады, якая дастаўляецца з Крымскага канала на тэрыторыі Херсонскай вобласці. Не стае прадуктаў харчавання, якія традыцыйна завозіліся з мацерыковай Украіны. Шмат хто з тых жа беларусаў адмаўляецца ехаць у Крым з маральных перакананняў: не надта прыстойна карыстацца крадзеным. Марыянеткавыя ўлады Крыма чакаюць прыняць хаця б 2 мільёны курортнікаў. Але і гэтая лічба, відавочна, завышаная. Аналітыкі прагназуюць максімум 1 мільён.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота yaplakal.com