„Kurpie zielone” у Беластоку



У Падляшскай оперы адбыўся канцэрт ансамблю народнага танца і песні „Kurpie zielone”, які быў прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння Станіслава Манюшкі і 65-годдзю калектыву.

У праграме апрача польскіх народных мелодыяў былі танцы з операў Манюшкі, знакамітая арыя Ёнтка з „Галькі”, вядомыя інструментальныя мелодыі і песні з „Хатняга спеўніка”, якія натуральна ўпісаліся ў рэпертуар ансамбля.

Кажа мастацкі кіраўнік калектыву Марыюш Зверко:

– Песні з „Хатняга спеўніка” ў многіх выпадках кампанаваліся на падставе народных. Для нас важным было паказаць Манюшку не ў класічным выглядзе, як гэта робіць большасць, а адкрыць творы Манюшкі нанова, надаць ім трохі іншы характар – больш фалькларыстычны, народны, вярнуцца да вытокаў, як гэта магло выглядаць перад тым, калі ён гэта адкрыў. Думаю, што выканаўцам таксама спадабалася, бо зжыліся з імі, яны сталі іх песнямі. Вельмі важна, каб песня і танец укараніліся ў сэрцы, каб гэта спявалася так, быццам бы гэта выходзіла з нас. Спадзяюся, што яно так і было.

Музыка Манюшкі ў выкананні ансамблю „Kurpie zielone” прагучыць у бліжэйшую сераду ў Падляшскай оперы, а восенню ўбачыць каларытныя харэаграфічныя фантазіі на манюшкаўскія тэмы змогуць і ў Менску, куды „Kurpie zielone” накіруюцца з канцэртам.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота podlaskie24.pl