„Ланцуг святла” ў Беластоку



Хоць прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і абвясціў, што накладае “права вета” на два з трох законапраектаў, якія тычацца рэформы судовай сістэмы, але пад судамі ў Польшчы ўсё роўна збіраюцца шматтысячныя акцыі пратэсту.

Перад акруговым судом у Беластоку сабралося каля 500 чалавек:

– У першы момант, калі я сёння пачуў прамову, то быў у вялікай эйфарыі. Пазней з’явіліся нейкія сумневы, што можа гэта не будзе да канца тое, чаго мы дамагаемся. Але гэта дакладна крок наперад.

– Думаю, што вялікае значэнне мела, што ў гэтых маніфестацыях узяло ўдзел шмат людзей.

– Як можна казаць пра дэмакратыю ды мець у адных руках пракурора і суддзю?

– Належу да старэйшага пакалення і памятаю, як было, калі кіравала адна партыя, якая падпарадкавала сабе ўсё. Не магу тут не быць і буду прыходзіць штодзень.

Нагадаем, што Анджэй Дуда накладае “права вета” на законапраекты, якія перавялі б Вярхоўны суд краіны ў падпарадкаванне Міністэрству юстыцыі ды надзялілі б генпракурора паўнамоцтвамі прызначаць суддзяў.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара