Латвійскія памежнікі вылавілі ў Дзвіне кантрабандныя беларускія цыгарэты
Плыт з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі дасталі з Дзвіны латвійскія памежнікі. Пра гэта паведамляе прэс-служба памежнага ведамства Латвіі. Падазроны прамавугольны аб’ект выявілі 15 сакавіка.
Памежнікі падплылі да яго на катары і дасталі з вады. Аказалася, што такім чынам кантрабандысты спрабавалі пераправіць з Беларусі ў Латвію амаль 150 тысяч цыгарэт маркі NZ. На ўсіх пачках былі налепленыя беларускія акцызы.
Груз быў абгорнуты поліэтыленавай плёнкай. Па факце кантрабанды ў буйным памеры заведзеная крымінальная справа.
Фота: facebook.com/rs.gov.lv