Латвія пачала незапланаваныя ваенныя вучэнні ля мяжы з Беларуссю
На гэтых выходных на паўднёвым усходзе Латгале (памежная вобласць Латвіі) пачаліся маштабныя вайсковыя вучэнні The Decisive Point.
Вучэнні з удзелам чатырох брыгад Земессардзе (нацыянальная гвардыя Латвіі) працягнуцца да 12 снежня. Іх мэта — праверка сумеснага супрацоўніцтва, структур каманд, лагістыкі, мабільнасці і працэдур прыняцця рашэнняў. Пра вучэнні папярэдзілі дзяржавы-члены АБСЕ, у тым ліку Беларусь і Расею, паведамляе агенцтва LETA са спасылкай на прадстаўніка Нацыянальных узброеных сіл (НВС) Сандру Брале.
Пра колькасць вайскоўцаў, якія былі задзейнічаныя ў вучэннях, распавёў міністр абароны Арціс Пабрыкс у інтэрв’ю Латвійскай тэлевізіі — гэта прыкладна 3000 прадстаўнікоў НВС. Пабрыкс так пракаментаваў прычыны пачатку вучэнняў: «Я прасіў абвясціць аб пачатку ваенных вучэнняў у Латгале, каб і нашы беларускія калегі, калі іх можна так называць, ведалі, што гэта не проста так», — сказаў ён журналістам.
Нагадаем, 14 лістапада прэм’ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі заявіў, што NATO павінна зрабіць канкрэтныя крокі для вырашэння міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю. Паводле яго слоў, Польшча разам з Літвой і Латвіяй магла б запытаць кансультацыі ў адпаведнасці з чацвёртым артыкулам пагаднення аб Aльянсе.