Легалізацыйныя дакументы для іншаземцаў у Польшчы працягнулі аўтаматычна
Замежнікі, у якіх заканчваюцца тэрміны легалізацыйных дакументаў, могуць заставацца ў краіне на законных падставах з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. Пра гэта піша Dziennik Gazeta Prawna. Па словах прэс-сакратара Упраўлення па справах замежнікаў Якуба Дудзяка, калі тэрмін дзеяння віз і пасведчанняў асобы замежнікаў мінае, ён будзе аўтаматычна падоўжаны без неабходнасці прадастаўлення неабходных дакументаў. Гэтыя рашэнні ўтрымліваюцца ў адмысловым законе, які нядаўна быў прыняты парламентам краіны. У той жа час тэрмін дзеяння дазволаў на працу для замежнікаў, якія знаходзяцца ў Польшчы, таксама будзе падоўжаны.
Упраўленне па справах замежнікаў таксама нагадвае, што, хоць іншаземец на законных падставах знаходзіцца ў Польшчы з пратэрмінаваным пасведчаннем асобы або візай, ён не можа свабодна перамяшчацца ў межах шэнгенскай зоны. Падаўжэнне легалізацыі распаўсюджваецца толькі на тэрыторыю Польшчы, адзначае агенцтва. Гэтыя правілы распаўсюджваюцца на грамадзян краін, якія не ўваходзяць у ЕЗ. Грамадзяне ЕЗ могуць заставацца ў Польшчы без асаблівых абмежаванняў, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.