Лена Глагоўская: Хведар Ільяшэвіч уздымаў беларускую свядомасць на Беласточчыне
„За Беларуссю не бачыў свету. Слова пра Хведара Ільяшэвіча – беларускага паэта, гісторыка і дзеяча”. Такую назву мае кніга прафесаркі Лены Глагоўскай, якая выдадзена Беларускім гістарычным таварыствам у Беластоку.
Народжаны ў 1910 годзе ў Вільні Хведар Ільяшэвіч усё сваё кароткае жыццё прысвяціў беларускаму нацыянальнаму руху. Спачатку ў міжваенны перыяд у Вільні, падчас Другой сусветнай вайны ў Беластоку, а таксама на эміграцыі ў Нямеччыне. Выданне з’яўляецца вынікам шматгадовай даследчыцкай працы прафесаркі Лены Глагоўскай, якую яна пачала ў другой палове 1990-ых гадоў з мэтай вярнуць памяць пра Хведара Ільяшэвіча.
– У палове 60-х гадоў яго Аляксандр Амельяновіч, можна сказаць, абясчэсціў на старонках беларускай «Нівы». Нягледзячы на ўсё, Хведар Ільяшэвіч як дзеяч Беларускага Камітэту, Беларускага аб’яднання ў Беластоку, як рэдактар «Новай дарогі» прычыніўся да таго, што вельмі сур’ёзна ўзрасла беларуская нацыянальная свядомасць на Беласточчыне.
Жыхары Беластока ўжо сёння, 16 лютага, змогуць больш даведацца пра Хведара Ільяшэвіча, яго дзейнасць і няпросты жыццёвы шлях. Сустрэча з прафесаркай Ленай Глагоўскай і прэзентацыя кнігі адбудуцца а 18:00 гадзіне ў беластоцкім Цэнтры праваслаўнай культуры, што па вуліцы Святога Мікалая.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя