Летась літоўская мытня затрымала рэкордную колькасць кантрабандных цыгарэт



Літоўскія мытнікі паведамляюць, што летась затрымалі рэкордную колькасць кантрабандных цыгарэт і тытунёвай сыравіны, піша delfi.lt.

Па папярэдніх падліках, затрымана амаль 19 млн пачкаў нелегальных цыгарэт і 60 тон тытунёвай сыравіны, коштам звыш 73 млн еўра.

Толькі па фактах кантрабанды тытунёвых вырабаў у мінулым годзе пачата 131 дасудовае расследаванне, пазалетась іх было 95, у 2019 годзе – 68, у 2018 годзе – 49.

„Склад кантрабанднага патоку не мяняецца, і ў мінулым годзе большую яго частку – 84 працэнты – складалі беларускія цыгарэты з гарадзенскай фабрыкі „Нёман”, – паведамляецца ў прэс-рэлізе Дэпартамента мытні Літвы.

Як і раней, большая частка кантрабанды затрымана на мяжы з Беларуссю. Літоўскія мытнікі зазначаюць, што пасля ўзмацнення аховы мяжы кантрабандысты шукаюць новыя, менш рызыкоўныя маршруты. Адзін з такіх – увоз кантрабанды ў Літву з тэрыторыі Латвіі.

У мінулым годзе ў тры разы вырасла колькасць выяўлення кантрабанды ў чыгуначным транспарце.

Аднак большая частка кантрабанды прыпадае на грузавы аўтатранспарт, часта гэта асабліва буйныя партыі – па 500-1200 каробак, гэта значыць ад 250 да 600 тыс. пачкаў у адной партыі.

Фота: МКТ