Лідар баевікоў Гіркін-Стралкоў адмовіўся вяртацца на Данбас
Былы „міністр абароны” самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Ігар Гіркін (Стралкоў) не збіраецца вяртацца ў Данецк у бліжэйшы час. Пра гэта ён заявіў журналістам у Маскве.
Ён крытычна адгукнуўся пра ўмовы заключанага 5 верасня ў Менску перамір’я, лічыць яго выгадным, перш за ўсё, для Украіны. Таксама Стралкоў назваў наіўнымі спадзяванні на тое, што „перамір’е завершыцца пазітыўнымі наступствамі”.
Акрамя таго, экс-кіраўнік Мінабароны ДНР выказаўся адносна крушэння малазійскага „Боінга” 17 ліпеня ў Данецкай вобласці.
„Я не ведаю, хто збіў „Боінг”, я ў гэты час кіраваў узброенымі сіламі, а расследаваннем павінны займацца спецыяльныя органы. Аднак маё ўласнае ўяўленне заключаецца ў тым, што „Боінг” збіў украінскі бок. Менавіта яны накіравалі самалёт у той раён, стварылі ўсе ўмовы для збіцця „Боінга”, – сказаў Стралкоў.
Паводле яго меркавання, вінаватым у крушэнні „Боінга” часцей за ўсё называюць апалчэнцаў толькі таму, што самалёт упаў на тэрыторыю, якая часткова імі кантралявалася.
Стралкоў заняў пасаду „міністра абароны” ДНР у сярэдзіне траўня, а ў сярэдзіне жніўня пакінуў тэрыторыю Украіны. 16 жніўня першы віцэ-прэм’ер ДНР Аляксандр Барадай паведамляў, што Стралкоў знаходзіцца ў адпачынку, але „праз месяц зноў пачне выконваць задачы на тэрыторыі Наваросіі”.
За дзень да заявы Барадая ў ДНР быў прызначаны новы „міністр абароны”. Ім стаў Уладзімір Конанаў.
Перад адстаўкай Стралкова з’явіліся чуткі пра тое, што ён быў сур’ёзна паранены. Аднак прадстаўнікі кіраўніцтва ДНР абверглі гэтую інфармацыю, назвалі яе „ўкідам”.