Лідар “ДНР” аб’явіў пра пачатак “рэжыму цішыні” (абноўлена)
На усходзе Украіны працягваецца ваеннае супрацьстаянне рэгулярных войскаў і сепаратыстаў. Пакуль перамір’е не дасягнута. У гарачай кропцы знаходзіцца наш карэспандэнт Вольга Чарных:
– Нягледзячы на заяву Пятра Парашэнкі пра тое, што на наступным тыдні вайсковы канфлікт ва Украіне мусіць быць скончаны прызнаннем адмысловага статусу Данбаса, у Марыупалі працягваюцца артылерыйскія абстрэлы. Сёння была абстрэлена заходняя частка горада. Я чула пра некалькі нападаў на пасты міліцыі і блокпасты рэгулярнай арміі. Некалькі хвілінаў таму ўрад ДНР абвясціў пра тое, што ніякай супрацы з губернатарам, якога прызначыў прэзідэнт Парашэнка, не будзе. І ніякіх дамоўленасцяў з афіцыйнаю ўкраінскаю ўладаю яны не прызнаюць. Такім чынам, асаблівы стасус Данбасу можа быць прызнаны толькі на ўмовах, якія прапануюць кіраўніцтва ДНР і ЛНР. Пакуль мы сочым за развіццём падзей. Я думаю, што заўтрашні дзень стане ў нейкім сэнсе вырашальным, таму што прэзідэнт Парашэнка працягвае па ўсходзе краіны.
* * *
Двухбаковы адвод цяжкай артылерыі можа пачацца ўжо праз пяць дзён. Пра гэта паведаміў самапрызначаны „прэм’ер” „ДНР” Аляксандр Захарчанка.
„З сённяшняга дня павінен пачацца „рэжым цішыні”. Калі ён будзе выкананы цягам пяці дзён, то тады пачнецца адвод цяжкай артылерыі з абодвух бакоў”, – заявіў ён. Як вядома, у ноч на 20 верасня ўдзельнікі кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны падпісалі ў Менску мемарандум аб рэалізацыі пратакола ад 5 верасня, які складаецца з 9 пунктаў: спыненне прымянення зброі абодвума бакамі, спыненне падраздзяленняў і фарміраванняў на пазіцыях на 19 верасня, забарона на ўжыванне ўсіх відаў зброі і наступальных дзеянняў.
Акрамя таго, мемарандум прадугледжвае адвод буйнакалібернай зброі на адлегласць не менш за 15 км з кожнага боку. Такім чынам, ствараецца зона бяспекі шырынёй не менш за 30 км.
Як паведамляе наша карэспандэнтка Вольга Чарных, якая зараз знаходзіцца ў Марыупалі, сітуацыя тут пакуль стабільная:
-У Марыупалі пакуль спакойна. Толькі ўчора-пазаўчора было некалькі лакальных абстрэлаў машынаў супрацоўнікаў міліцыі. І яшчэ некалькі нападаў на ўзброеныя часткі, дзе знаходзяцца добраахвотныя батальёны – гэта батальён «Святой Марыі» і батальён «Азоў». Мясцовыя жыхары пераходзяць на бок украінскай арміі. Яны больш яе вітаюць, дапамагаюць і можна сказаць, што сепаратысцкія настроі, якія былі тут яшчэ тыдзень таму, пачынаюць мяняцца. Байцы добраахвотных батальёнаў звязваюць гэта з абвастрэннем сітуацыі ў Данецку і Луганску, куды пачалі вяртацца бежанцы, якія сутыкнуліся з вельмі складанай сітуацыяй. Цяпер мы паспрабуем дабрацца да базы, дзе знаходзяцца байцы «Азова», гэта пры выездзе ў горад. І гэта адна з самых гарачых кропак у Марыупалі, будзем глядзець, што адбываецца там.
Вольга Чарных, Беларускае Радыё Рацыя, Марыупаль
Фота REUTERS